Амаль 7 мільёнаў: новая статыстыка пацверджаных выпадкаў COVID-19 у свеце
Амерыканскі ўніверсітэт Джона Хопкінса апублікаваў новыя лічбы па колькасці пацверджаных выпадкаў каранавірусу ў свеце. Лічба хутка дасягне сем мільёнаў. На раніцу 7 чэрвеня захварэла 6 897 225 чалавек. Памерла больш за 400 тысяч пацыентаў.
Тройку лідараў па-ранейшаму ўзначальваюць ЗША, Бразілія і Расія. Небяспечная сітуацыя ў Індыі: па колькасці інфекаваных яна абагнала Іспанію і Італію і выйшла на пятае месца ў свеце. Уверх пайшла статыстыка заражэнняў у Іране (11 месца). Па меркаванню спецыялістаў, гэта можа азначаць другую хвалю пандэміі.
Самымі небяспечнымі краінамі ў Еўропе лічацца Швецыя (25-я) і Вялікабрытанія (4-я). Беларусь — 22-я — не выключэнне. Па дадзеных на суботу 6 чэрвеня, у Беларусі пацверджаны 47 751 выпадак COVID-19 ( +883 за апошнія 24 гадзіны). Колькасць новых выпадкаў каранавіруснай інфекцыі шосты дзень запар не падымаецца вышэй за 900.
Па статыстыцы Мінздароўя, выпісана з лякарняў 23 015 пацыентаў, у якіх была пацверджаная каранавірусная інфекцыя (+949). З іх 22 752 паправіліся (+945), 263 — памерлі (+4). Паведамляецца пра пік захворвання ў Брэсце. Штодзень у лякарні горада паступае больш за 100 пацыентаў з пнеўманіяй. Жыхарам Брэста рэкамендадавана без неабходнасці ўтрымацца ад наведвання грамадскіх месцаў, захоўваць сацыяльную дыстанцыю, карыстацца санітайзерамі і маскамі. У Бялынічскім і Кіраўскім раёнах Магілёўскай вобласці ўвогуле ўведзены масачны рэжым.
Дарэчы, паводле апошніх рэкамендацый СААЗ, жыхары планеты мусяць засцерагаць сябе пры дапамозе нашэння масак у грамадскіх месцах. Да такой высновы прыйшлі навукоўцы, даследванні якіх паказалі, што маскі сапраўды могуць быць эфектыўнай абаронай ад заражэння. Але, нагадвае СААЗ, нашэнне масак не адмяняе іншых мер абароны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.