Амаль траціна беларускіх беспрацоўных — людзі, старэйшыя за 50 гадоў
27,1% беларускіх беспрацоўных — гэта людзі, старэйшыя за 50 гадоў. Летась іх было на 2% меней, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Белстат. Адметна, што найбольшая ўдзельная вага беспрацоўных — гэта людзі ва ўзросце 50-54 гады (16,4%), то бок, людзі перадпенсійнага ўзросту. Асобы ва ўзросце 55-59 гадоў складаюць 10,4% ад агульнай колькасці беларускіх беспрацоўных, а людзі ад 60 гадоў — толькі 0,1%.
Ва ўсіх астатніх узроставых групах, пачынаючы з моладзі 16-17 гадоў, удзельная вага беспрацоўных не перавашае 13% і застаецца стабільнай.
На сёння ў Беларусі афіцыйна не працаўладкавана 50,5 тысячы чалавек. Пакуль што пошукі працы праз цэнтры занятасці праходзяць даволі хутка — сярэдні паказнік часовага беспрацоўя складае 4 месяцы.