АМАП разагнаў вечарыну адвакатаў і склаў пратаколы за выпіўку на працоўным месцы
У Мінску амапаўцы затрымалі два дзясяткі адвакатаў, якія сабраліся на провады сваіх калег, пазбаўленых ліцэнзіі, піша "Наша Ніва". Як вядома, за апошні час былі пазбаўленыя ліцэнзіяў каля дзясятка адвакатаў, якія працавалі па "палітычных" справах.
Здарэнне адбылося 26 сакавіка на вуліцы Чырвонай, дзе знаходзіцца некалькі юрыдычных кансультацый. Літаральна праз паўгадзіны ад пачатку ў будынак прыехаў АМАП. Амапаўцы завезлі адвакатаў у РУУС, а потым — на медыцынскую экспертызу гарадскога наркалагічнага дыспансера.
На тых, хто быў выпіўшы, склалі пратаколы паводле артыкула 19.3 КаАП — распіццё алкагольных напояў на працоўным месцы, а потым адпусцілі. Цвярозых адпускалі без пратакола.
Адвакаты мяркуюць, што хуткі прыезд міліцыі азначае пастаяннае праслухоўванне іх офісаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.