Амбасада Расіі будзе дамагацца вызвалення Брэуса і Гапонава

Арыштаваныя ў Беларусі расійскія грамадзяне Арцём Брэус і Іван Гапонаў настойваюць на сваёй поўнай невінаватасці. Пра гэта сёння заявіў дарадца амбасады Расіі ў Беларусі Вадзім Гусеў.

"На сустрэчы з расійскімі дыпламатамі арыштаваныя расіяне паведамілі, што беларускае следства да гэтага часу не выставіла ніякіх доказаў здзяйснення імі супрацьпраўных дзеянняў. Нашы грамадзяне працягваюць настойваць на сваёй поўнай невінаватасці", — сказаў Гусеў.

Ён таксама паведаміў, што хворы на астму Брэус з чацвярга не атрымлівае патрэбных яму лекаў. У адказ на запыт расійскага дыппрадстаўніцтва адміністрацыя СІЗА паабяцала вырашыць гэтае пытанне.

Дыпламат падкрэсліў, што сітуацыя з расійскімі грамадзянамі, якія знаходзяцца пад арыштам без выстаўлення ім важкіх доказаў здзяйснення злачынства "слаба карэспандуе з асаблівым саюзніцкім характарам расійска-беларускіх адносінаў і патрабуе неадкладнага развязання".

Амбасада працягне садзейнічаць Брэусу і Гапонаву аж да іх вызвалення, перадае ІА REGNUM.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі