Анархісту Паліенку выставілі абвінавачанні па трох артыкулах
Затрыманаму анархісту Змітру Паліенку следчыя выставілі абвінавачанне па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу, паведамляе ў сацсетках Марына Касінерава.
Гэта асабліва злоснае хуліганства (да 10 гадоў пазбаўлення волі), апаганьваньне будынкаў і псаванне маёмасці (арышт), распальваньне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці (да пяці гадоў пазбаўлення волі).
"Па навінах мы можам заўважыць, што актывізаваўся ціск сілавікоў на людзей, якія займаюцца актывізмам, — людзей правакуюць на дзеянні, за якія можна прымяніць КК, людзям падкідваюць патроны і выбуховыя рэчывы. Будзьце ўважлівымі, а таксама максімальна салідарнымі!" — напісала Касінерава.
Дасылаць лісты Паліенку можна на адрас:
Паліенку Дзмітрыю Аляксандравічу
вул. Валадарскага 2, СІЗА-1
Мінск
220030