Андрэй Дзмітрыеў: сёння дзяржава гатовая нам хлусіць пра нас

Андрэй Дзмітрыеў: сёння дзяржава гатовая нам хлусіць пра нас

— “Плошча” — гэта вельмі небяспечна. Бо ўлада вельмі моцная. Лукашэнка вельмі злы, і мы проста можам адкаціцца яшчэ далей, чым мы адкаціліся ў 2010 годзе праз такі пратэст, — такое меркаванне выказвае сустаршыня грамадскага аб’яднання “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў у дзявятым выпуску праграмы "Кандыdating". 

Пра шчырыя размовы пасля Плошчы-2010

— Людзі ўсю праўду кажуць толькі ў мемуарах. Але калі іх чытаеш — разумееш, што і там праўда не ўся. Людзям не цікавая праўда, яны нічога не чуюць. Яны даўно ўжо вырашылі, хто вораг, а хто сябра.

Я гэтую гісторыю прамінуў, гэта ж 10 гадоў таму было. Іду далей, іду наперад. Так, былі памылкі. Ёсць. Яны ёсць у кожнага. Гэта людзі, якія толькі з'явіліся, пакуль падаюцца анёламі.
 

Пра візіт да Бабіча ў амбасаду Расіі

— Мы звяртаемся да Расіі, калі мы лічым, што трэба нешта ёй сказаць. Размаўляем з амбасадарамі, і не толькі з расійскімі. З усімі. Гэта палітычная праца. Ні прэзідэнт Беларусі, ні ўвогуле беларускі палітык не можа дазволіць сабе сказаць: “Вось гэты кірунак мне не падабаецца, Пуцін мне не падабаецца, таму я да яго не паеду”. Не, я паеду. І буду дамагацца для Беларусі таго, што я лічу патрэбным і вартым. І буду весці жорсткія перамовы, а не стаяць, цокаць абцасамі і расказваць пра братэрства і зямлянкі. Калі мы ішлі да Бабіча, мы шчыра казалі яму, што мы думаем пра Крым, пра незалежнасць. Што гэта важна, што пра гэта нельга гаварыць праз губу.
 

Чый Крым?

— Маё асабістае меркаванне — ён украінскі. Але я лічу, што мы на гэта ніяк не ўплываем і павінны думаць пра тое, чыя Орша. Чые малыя гарады сёння ў Беларусі, якія выміраюць. Каб яны засталіся беларускімі і каб людзі там засталіся. Я вось для гэтага іду ў прэзідэнты. Мы не вырашаем пытанні Крыма, мы вырашаем пытанне, ці будзе ў нас па-ранейшаму шмат прыгожых малых гарадоў. Ці праз пяць гадоў мы будзем сустракацца на будоўлях у Польшчы?
 

Плошча-2020 будзе?

— Гэта вельмі небяспечна, бо ўлада вельмі моцная. Лукашэнка вельмі злы, і мы можам адкаціцца яшчэ далей, чым адкаціліся ў 2010 годзе праз такі пратэст. Я не хацеў бы, каб адзін з нас прыносіў іншаму перадачы ў СІЗА. Гэта вельмі важна, каб мы пайшлі далей пасля гэтых выбараў і грамадства толькі ўзмацнялася. А не далі магчымасць уладам проста скарыстацца сілай і адкінуць краіну. І зноў адкінуць грамадства ў стан татальнага страху. Так, я лічу, што пакуль гаварыць пра “плошчу” — гэта заўчасна і небяспечна.
 

Сцяг і герб

— Пасля 1995 года чырвона-зялёны сцяг быў сцягам Лукашэнкі. А бел-чырвона-белы сцяг быў сцягам іншай часткі людзей. Якія бачылі Беларусь больш еўрапейскай, дэмакратычнай. Як мне падаецца, на сцягу Лукашэнкі зараз ёсць толькі адно. Там напісана: Лукашэнка. І нават людзі, якія жывуць вось у гэтай чырвона-зялёнай Беларусі, сталіся непатрэбнымі.

Мы ўсе бачым, што патрэбныя змены, мы ўсе бачым, што ў цэнтры гэтых змен мусіць стаяць чалавек. І мы ўсе гатовыя аб'ядноўвацца, быць салідарнымі, размаўляць пра гэта, казаць праўду. Таму я лічу, што нам трэба сыходзіць ад гэтага канфлікту. Бо вось гэтая чырвона-зялёная Беларусь — тыя самыя людзі, якія хочуць нармальна, годна жыць, хочуць павагі. А бел-чырвона-беламу сцягу трэба надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, безумоўна. 
 

Пра Бабарыку і Цапкалу

— Кандыдаты Бабарыка і Цапкала — гэта проста класічныя кандыдаты мірных перамен. Яны бачаць магчымасці, яны бачаць, што можна без крыві. Грамадства гатовае да мірных перамен, яно вылучае шмат людзей розных. Але ўлады не гатовыя, яны ўперліся ў сцяну ў сваім развіцці. Ім далей трэба прымаць рашэнні, якія яны не хочуць. Таму трэба сёння казаць ужо пра іншыя рэчы. Пра тое, што нават калі гэтая ўлада робіць мірныя перамены, то-бок рэформы, гэта ўсё роўна атрымліваецца пра тых, хто ўжо мае грошы і ўжо мае ўладу. Яны ці ва ўладзе, ці каля ўлады, ці прызначаныя ўладай. 
 

Ці хочуць беларусы перамен?

— Штодня я бачу жанчыну, якая выходзіць з “Еўраопта” — недарагой крамы, дзе яна набыла прадукты харчавання, і падлічвае, колькі засталося заробку. І чакае, вы ўдумайцеся, да чаго нас давялі, і чакае, што адкрыюць межы і яе мужык паедзе некуды туды зарабляць. Для гэтых людзей трэба рабіць перамены, пра іх трэба найперш думаць.

Вось таму мы і кажам: “Гаварыць праўду”. Бо цяпер, падчас пандэміі, дзяржава гатовая нам хлусіць пра нас. Не пра нейкія аддаленыя рэчы, не пра рэзідэнцыі, што не ўплывае на маё жыццё, а пра тое, дзе я магу заразіцца і наколькі гэта для мяне небяспечна. Для мяне, для маіх дзяцей, для маіх бацькоў. Дзяржава ставіць наша жыццё фактычна пад пагрозу. І тым больш жыццё медыкаў. Дзяржава не клапоціцца пра людзей — “ай, як-небудзь крызіс перажывяце”. Яна не хоча мяняцца. Ну ніяк. Толькі кажа: давайце, пляскайце ў ладкі і кажыце, як ўсё добра.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі