Стала вядома прозвішча беларускі, затрыманай у Польшчы па падазрэнні ў шпіянажы
Дар'я Астапенка на з'ездзе "Гавары праўду" ў Мінску
Стала вядома прозвішча беларускі, нядаўна затрыманай ў Польшчы па падазрэнні ў шпіянажы. Гэта Дар'я Астапенка з Баранавічаў. З Беларусі яна з'ехала ў мінулым годзе, піша "Зеркало" са спасылкай на свае крыніцы.
Астапенка — былая актывістка "Гавары праўду", ёй 36 гадоў, па спецыяльнасці ветэрынар. Да 2020-га жыла ў Мінску, была назіральніцай на выбарах (у тым ліку на ўчастку, на які прыязджаў Аляксандр Лукашэнка), збірала подпісы, удзельнічала ў трэнінгах. Пасля вярнулася ў Баранавічы, дзе ў яе з'явілася ўласнае жыллё. Падчас прэзідэнцкіх выбараў была мясцовым каардынатарам "Гавары праўду" па зборы подпісаў. Лідар руху Андрэй Дзмітрыеў уключыў яе ў спіс сваіх давераных асоб.
Пасля выбараў 2020 года Дар'я Астапенка спрабавала з дапамогай палітычных арганізацый атрымаць шэнгенскую візу, каб з'ехаць за мяжу, але беспаспяхова (ёсць даныя, што ў РБ яна была порнаактрысай, таму аказалася ўразлівай для вярбоўкі). Аднак восенню 2023-га трапіла ў Польшчу, жыла ў Варшаве, пасля — ў Лодзі. Ёй дапамагала беларуская дыяспара. Астапенка стала намагацца трапіць у вядучыя беларускія арганізацыі ў Польшчы, прапаноўвала валанцёрскую дапамогу. Сама ж збірала інфармацыю пра дзейнасць харугваў арганізацыі "Паспалітае рушанне", пра беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне і тых, хто ім дапамагае. У размовах прапаноўвала беларусам праводзіць сілавыя акцыі на беларускай мяжы.
У нейкі момант Дар'я Астапенка, будучы нецвярозай, сама прагаварылася знаёмым пра сапраўдную мэту актыўнасці ў Польшчы. Пасля гэтага інфармацыю пра яе перадалі ў польскае Агенцтва ўнутранай бяспекі, і ў той жа дзень яна была затрыманая. Гэта адбылося 20 снежня 2023-га. Ужо 22 снежня суд у Варшаве адправіў жанчыну ў СІЗА. У смартфоне беларускі пасля затрымання знайшлі доказы яе супрацоўніцтва з КДБ РБ з 2017 года. Яна таксама перасылала "куратарам" усе здабытыя звесткі, здымкі і іншую інфармацыю, якую ёй удалося даведацца ўжо ў Польшчы.
Абвінавачванне Астапенка выстаўленае паводле артыкула "шпіянаж" Крымінальнага кодэкса Польшчы. Ёй пагражае не менш за 5 гадоў пазбаўлення волі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.