Дзмітрыеў мяркуе, што для перамен Беларусі трэба падтрымка ЕС, а не санкцыі
Андрэй Дзмітрыеў
Былы палітзняволены, палітык і грамадскі актывіст Андрэй Дзмітрыеў апублікаваў артыкул пра тое, што Беларусь па-ранейшаму хоча перамен, і ёй патрэбныя не еўрапейскія санкцыі, а падтрымка.
"Беларусь сёння — гэта краіна, дзе, нягледзячы на палітычны крызіс, тры гады рэпрэсій і вайну каля межаў, многія людзі працягваюць спадзявацца на будучыню, у якой паважаюцца правы чалавека і кожны можа свабодна выказваць свае погляды", — піша Дзмітрыеў.
Вызваленне палітвязняў, на яго думку, стане пачаткам нацыянальнага прымірэння: "Людзі хочуць мірных перамен. [...] Сёння ў краіне налічваецца каля 1400 палітычных вязняў. Іх вызваленне — гэта не толькі акт справядлівасці, але і важны крок для пачатку працэсу нацыянальнага прымірэння".
Дзмітрыеў выступае супраць санкцый, бо яны, маўляў, б'юць па людзях, а не ўладзе: "Ізаляцыя і санкцыі, якія ўводзяцца супраць рэжыму Лукашэнкі, часта б'юць па звычайных людзях, а не па ўладзе. Важна, каб Еўропа бачыла Беларусь не проста як праблему, а як незалежную дзяржаву, якая мае патрэбу ў падтрымцы".
Ён заклікае вярнуць амбасадараў у Мінск, заяўляючы, што гэта патрэбна для Беларусі, а не для рэжыму Лукашэнкі.
Дзмітрыеў быў кандыдатам у прэзідэнты ў 2020 годзе. Пасля гэтага ён заняўся стварэннем сваёй палітычнай партыі. Рэжым Лукашэнкі асудзіў яго на паўтара года зняволення. На волю палітык выйшаў у красавіку 2024-га, адбыўшы ўвесь прысуджаны тэрмін.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.