Андрэй Тур: За адмену кожнай ліцэнзіі даводзіцца біцца

На 60% ліцэнзіяў менш, чым сёлета, спатрэбіцца атрымаць беларусам, каб у 2011 годзе распачаць сваю справу. Такім будзе асноўнае наступства Ўказа прэзідэнта, мяркуе намеснік міністра эканомікі Беларусі Андрэй Тур.

“Колькасць ліцэнзій, якія стануць у 2011 годзе непатрэбнымі, складзе каля 60% ад агульнай колькасці ліцэнзій, выдадзеных сёлета. То бок, больш чым на палову. Яшчэ адным істотным наступствам будзе істотнае скарачэнне тэрміну, падчас якога адбываецца рэгістрацыя новых прадпрыемстваў”
, ― дадаў намеснік міністра.

Указ № 450 набудзе моц 1 студзеня 2011 года. Згодна з ім пералік ліцэнзуемых відаў дзейнасці скарачаецца на 16 найменняў. У дадатак, Указам скарочана яшчэ каля 60 складнікаў (пэўныя працы ці паслугі) 14 іншых відаў дзейнасці.

Аднак, на змену адной працэдуры ― ліцэнзаванню ― прыйдуць тры, больш простыя і танныя: акрэдытацыя, сертыфікацыя і стандартызацыя. Для кожнага з 16 відаў дзейнасці ― свая. Але чым канкрэтна яны будуць адрознівацца ад атрымання ліцэнзіі, пакуль складана сказаць нават намесніку міністра эканомікі:

“Вядома, гэтыя працэдуры будуць адрознівацца, ― кажа Андрэй Тур. ― Для кожнага віду дзейнасці нечым сваім... На тое, каб распрацаваць новыя формы рэгулявання дзейнасці, згодна з якімі будуць вызначаныя патрабаванні да атрымання стандарту ці сертыфікату, ці ажыццяўленню акрэдытацыі, і даецца тэрмін з 1 верасня 2010 па 1 студзеня 2011 года”.

Аналітыкі заўважаюць, што лібералізацыя, на якую ўлады пайшлі ў галіне ліцэнзавання, ― не такая істотная, як чакалася. Замест 35-50 відаў дзейнасці, адмена ліцэнзій на якія абмяркоўвалася цягам апошняга часу, мы атрымалі ўсяго 16.

“Усе органы дзяржкіравання не хочуць адмаўляцца ад ліцэнзавання. Ім гэта і прасцей, і лягчэй. У нас на сённяшні дзень відаў дзейнасці, якія ліцэнзуюцца, 51. Мы адмянілі 16, і ўвялі адну... Зразумейце, што такія дакументы ― гэта вялікі кампраміс. І зразумейце таксама, чаму гэта прымаецца ўказам. Бо гэта пэўная палітычная воля!”

Такім чынам, галоўнае значэнне Ўказа №450 хутчэй не ў аблягчэнні жыцця прадпрымальнікаў, а ў тым, што гэта волевыяўленне лібералізацыі. Па словах Андрэя Тура, гэтым дакументам лібералізацыя сферы ліцэнзавання не спыняецца. Але за кожную “ліцэнзію” даводзіцца літаральна біцца з тымі, хто адказвае за тую ці іншую дзейнасць:

Андрэй Тур: “Я помню яшчэ па дэкрэце, які быў у 2003 годзе. Для таго, каб адкрыць аўташколу, Міністэрства ўнутраных спраў патрабавала тады тры ліцэнзіі. Тры ліцэнзіі! І палкоўнікі стаялі проста на смерць! Паўгода давялося даказваць людзям, што гэта нармальна ўкладаецца ў звычайную акрэдытацыю, як і кожная навучальная ўстанова. І вось так вось: раз, два, тры, пяць, восем ― з кожным, каго трэба пераканаць”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі