Анісім: Канстытуцыйны Суд мусіць накласці вета на "закон аб адтэрміноўках"
Ухвалены дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі закон аб адтэрміноўках службы ў арміі прымусіць людзей, якія хочуць працягваць вучыцца пасля заканчэння школы ці нават ВНУ, з’язджаць з краіны — каб атрымліваць адукацыю за мяжой, а не ісці служыць у войска. Такое меркаванне ў жывым эфіры Еўрарадыё выказвае дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім. І прапаноўвае Кастытуцыйнаму Суду накласці вета на ўжо ўхвалены дэпутатамі закон.
Алена Анісім: “Сітуацыя з гэтым законам нашмат больш складаная, чым падаецца генералам у іх кабінетах. Бо гэты закон не толькі закранае права чалавека на атрыманне вышэйшай адукацыі — не заўсёды хлопцы маюць магчымасць закончыць ВНУ, не кажучы ўжо пра аспірантуру і гэтак далей. Варта было б, каб Канстытуцыйны Суд прыпыніў дзеянне гэтага закона — наклаў на яго вета. Каб селі і пралічылі вельмі добра: што і як. І каб мы далі магчымасць кожнаму чалавеку атрымаць тую адукацыю, якую ён лічыць патрэбнай”.
Каб не перарываць атрыманне адукацыі, людзі пачнуць з’язджаць за мяжу, перакананы сустаршыня кампаніі “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў. Палітык звяртае ўвагу на тое, што прапанаваны Мінабароны закон выключна “карны” — там няма нічога пра заахвочванне людзей да службы ў войску — і не скіраваны на тое, каб пазбавіць беларускую армію такіх хібаў, як дзедаўшчына.
Анісім і Дзмітрыеў заклікаюць людзей пісаць звароты ў Канстытуцыйны Суд з тым, каб ён наклаў вета на скандальны "закон аб адтэрміноўках".
Цалкам размову з Аленай Анісім і Андрэем Дзмітрыевым можна паслухаць тут: