Анна Марыя Ёпэк спяе ў Мінску Манюшку
Праграма сённяшняга канцэрта знакамітай польскай спявачкі будзе залежаць ад настрою і чаканняў публікі.
Сёння ў 19.00 у сталічнай філармоніі выступіць знакамітая польская спявачка Анна Марыя Ёпэк. Партнёрка Пата Мэтані па альбоме "Upojenie" Анна Марыя прыехала ў Беларусь у другі раз. А яе першы візіт да нас адбыўся ў 1994 годзе. Тады спявачка прыехала, каб паспрабаваць сябе ў конкурсе на "Славянскім базары", дзе атрымала адмысловы прыз з рук Мішэля Леграна і прыз прэсы. Выступ у Віцебску Анна Марыя лічыць сваім стартам і кажа, што менавіта тады яна вырашыла стаць прафесійнай спявачкай.
"Я склала ўступны план на сённяшні вечар, — кажа спявачка на прэс-канферэнцыі. — Мяркую, што калі паспрабую гук на саўнд-чэку, гэты план можа змяніцца. А потым калі выйду да людзей, пачую іх, то зноў змяню план".
На сцэну філармоніі Анна Марыя выйдзе са сваімі калегамі-мультыінструменталістамі, кожны з якіх з'яўляецца суперпрафесіяналам, і пра кожнага з якіх Ёпэк можа распавядаць гадзінамі. Гэта піяніст Кшыштаф Хэрдзін, Пётр Назарук, Роберт Кубішын.
"Я хацела б сёння сыграць для вас крыху польскай музыкі, — працягвае Анна Марыя. — Магчыма, зраблю нешта, што будзе мілым для абодвух бакоў, напрыклад, заспяваю Манюшку. Але найперш буду слухаць людзей. Паколькі мой рэпертуар вельмі шырокі, мы можам граць музыку вельмі складаную, а можам просутю і энергічную. Але кожную песню сыграем з прыемнасцю ў залежнасці ад таго, які будзе настрой, чаканні і голад публікі".
Канцэрт Анны Марыі Ёпэк адбудзецца ў межах "Джазавых вечароў" у філармоніі і прымеркаваны да 20-годдзя Польскага інстытута ў Мінску.
Пра прыезд Ёпэк у Віцебск, яе нядаўні тур па Кітаі, працу з Патам Мэтані, удзел у тэатральных майстар-класах і стасунках з публікай мы раскажам неўзабаве.