Антон Гашынскі атрымаў статус адваката ў Маскве
Антон Гашынскі / "Новая газета"
Юрыст Антон Гашынскі атрымаў статус адваката ў Расіі, пра гэта паведамляе "Новая газета" са спасылкай на самога Гашынскага. Юрыст здаў кваліфікацыйны экзамен, і 22 верасня прынёс прысягу ў адвакацкай палаце Маскоўскай вобласці.
У Беларусі яго пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі ў ліпені. Гашынскі працаваў у беларускай адвакатуры з 2004 года, быў кіруючым партнёрам адвакацкага бюро "Маслаў, Гашынскі і партнёры". У апошні год вёў мноства палітычных спраў, абараняў палітолага Віталя Шклярава, журналіста Андрэя Аляксандрава, айцішнікаў кампаніі PandaDoc, выкладчыцу БДУІР Вольгу Філатчанкаву, абвінавачаную па "справе студэнтаў", а таксама расійцаў Соф'ю Сапегу і Ягора Дуднікава.
Цяпер — са статусам Маскоўскага адваката — ён зноў зможа законна прадстаўляць інтарэсы Сапегі і Дуднікава.
"Змагу і планую гэта рабіць", — сказаў журналістам Антон Гашынскі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.