Апафеоз чыноўніцкага падыходу: што не так з сёлетняй тэатральнай прэміяй

Апафеоз чыноўніцкага падыходу: што не так з сёлетняй тэатральнай прэміяй

У Мінску падведзеныя вынікі чарговай Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Лаўрэаты шчаслівыя, але ў прафесіяналаў засталіся сумненні і пытанні. Тэатральны крытык Дзяніс Марціновіч мяркуе, што сёлетняя прэмія адлюстравала час, у які ўручалася, калі лаяльнасць уладам і адпаведнасць “дзяржаўнай” ідэалогіі сталі дамінаваць паўсюль — у тым ліку і ў тэатры. І шанцы трапіць у гісторыю ёсць далёка не ва ўсіх пераможцаў.

Элегантнае абнуленне

У Беларусі свая Нацыянальная тэатральная прэмія з'явілася дзесяць гадоў таму — па прыкладзе расійскай “Залатой маскі”. Апошняя хутка стала арыенцірам для іншых краін і своеасаблівай гарантыяй якасці, а вось у Беларусі вынікі Нацпрэміі ўвесь час выклікаюць непаразуменні.

Прычын багата. Але асноўная ляжыць на паверхні. Арганізацыяй прэміі ад пачатку займаецца не тэатральная грамадскасць, а чыноўнікі. З году ў год змянялі рэгламент, тасавалі намінацыі і ўсталёўвалі свае правілы гульні. Напрыклад, вызначалі колькасць спектакляў, якія можа вылучаць кожны тэатр (усяго два) і самі фармавалі адборачныя камісіі ды журы.

Па якіх крытэрах людзі траплялі туды сёлета ды і ўвогуле хто яны — дагэтуль таямніца. Некалькі прозвішчаў сталі вядомыя падчас цырымоніі, якая прайшла ў Купалаўскім тэатры: напрыклад, рэктары Універсітэта культуры (Наталля Карчэўская) і Акадэміі музыкі (Кацярына Дулава). Але большасць сябраў журы такі захавала ананімнасць. А значыць, рэпутацыяй не рызыкуе нават за самыя дзіўныя і несправядлівыя рашэнні.

Апафеоз чыноўніцкага падыходу: што не так з сёлетняй тэатральнай прэміяй
Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына на 95-годдзі Купалаўскага тэатра. Мінск, 2015 год / Еўрарадыё

У красавіку 2021-га чыноўнікі пайшлі далей і наўпрост абнулілі вынікі папярэдняга адбору. Афіцыйна ўсё растлумачылі “шматлікімі просьбамі падоўжыць тэрміны прыняцця заявак на удзел”. Адбор адбыўся яшчэ ў 2020-м, быў агучаны спіс прэтэндэнтаў. Няўжо “шматлікія просьбы” гучалі аж паўгода?

Найхутчэй, элегантнае абнуленне было зроблена, каб пазбавіцца ад “Караля Ліра” і “Шляхціца Завальні”. Іх стваральнікі сышлі з Купалаўскага тэатра, а самі спектаклі не паказваліся. Новы адбор дазволіў не аднаўляць пастаноўкі і не даваць нагодаў для скандалаў.

Каго яшчэ праігнаравалі

У лік фіналістаў новай тэатральнай прэміі не трапілі не толькі купалаўцы. Праігнараваны апынуўся ўвесь беларускі альтэрнатыўны тэатр. Які, зрэшты, амаль спыніў існаванне за апошні год. Нават не прыгадаю, калі прыватнікі — калі не лічыць “ТрыТФармаТ”, якім кіруе Вера Палякова, — апошні раз атрымлівалі гастрольныя пасведчанні на паказы ў Беларусі.

Пацярпелі і спектаклі дзяржаўных тэатраў, якія па ўзроўні можна было залічыць да альтэрнатыўных. “Запіскі юнага лекара” і “Тута Карласан: першая і адзіная” — пастаноўкі Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек — у апошні момант не паказалі праз хваробы артыстаў. А “Шлюб з ветрам” Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, нядаўна адзначаны на фестывалі ў Санкт-Пецярбургу, проста знік: сярод фіналістаў яго называлі, а на цырымоніі нават не згадвалі сярод намінантаў.

Апафеоз чыноўніцкага падыходу: што не так з сёлетняй тэатральнай прэміяй
Спектакль тэатра “ІнЖэст” у Палацы чыгуначнікаў. Мінск, 2016 год / Еўрарадыё

“Запіскі” і “Шлюб” паставіў Яўген Карняг, адзін з найлепшых беларускіх рэжысёраў. Адсутнасць яго спектакляў (хай сабе і выпадковая ў сітуацыі з “Запіскамі”), а таксама іншых выдатных беларускіх творцаў (ад Аляксандра Янушкевіча да Дзмітрыя Багаслаўскага) ужо прымушае сумнявацца ў прэстыжнасці прэміі і справядлівасці агучаных вынікаў.

Фальшывая нота

Натуральна, сярод пераможцаў былі годныя пастаноўкі. У блоку “тэатра лялек” найлепшай пастаноўкай прызналі спектакль “Лялькі Ціма Талера, або Прададзены смех” (віцебскі тэатр “Лялька”). Стылёвы, відовішчны і дынамічны, ён арыентаваны на падлеткавую аўдыторыю. Таму найбольш лагічнай падалася яго перамога ў намінацыі "Найлепшы спектакль для дзяцей і юнацтва”.

У блоку “музычнага тэатра” Оперны гадамі вядзе спрэчку сам з сабой (толькі час ад часу з’яўляецца канкурэнцыя з боку іншых калектываў). Якраз тут стала відавочнай хібнасць гэтага пункта правілаў: два спектаклі ад аднаго калектыву. Асабіста мяне ў мінулым сезоне найбольш уразілі дзве пастаноўкі: дзіцячая опера “Пінокіа” — гатовы прэтэндэнт на найлепшы дзіцячы спектакль — і опера “Вілісы. Фатум”, якая была б адным з фаварытаў у намінацыі “Сцэнаграфія”. Але абедзве пастаноўкі тэатр нават не прапанаваў для прэміі. Затое найлепшай операй назвалі “Фаўста”, якому была ўласцівая празмернасць у рэжысуры (хоць пастаноўшчыка Ганну Маторную якраз і адзначылі ў адпаведнай намінацыі). Найлепшым балетам стала “Ганна Карэніна” з яркай харэаграфіяй, але надзвычай традыцыйным прачытаннем.

Найлепшым мюзіклам стаў “Джэк Патрашыцель” — ці не першы прыклад перамогі Моладзевага тэатра эстрады. Вось толькі ўпершыню за ўсе гады гэты калектыў сталі атаясамліваць з тэатрам, а не з эстрадай. Затое можна павіншаваць выдатнага беларускага кампазітара Алега Хадоску, які атрымаў прэмію журы за музыку да балета “Тытанік”. А таксама Дзяніса Нямцова з Музычнага тэатра, які даўно заслужыў узнагароду найлепшаму акцёру (у дадзеным выпадку за роль у спектаклі “Труфальдзіна з Бергама”).

Апафеоз чыноўніцкага падыходу: што не так з сёлетняй тэатральнай прэміяй
Спектакль тэатра “ІнЖэст” у Палацы чыгуначнікаў. Мінск, 2016 год / Еўрарадыё

А найбольшыя пытанні выклікалі рашэнні журы ў секцыі “тэатра драмы”. Сярод пераможцаў не было ні РТБД, ні моцных абласных калектываў. Затое перамаглі трупы, якія гадамі ніяк не адзначаліся на такіх форумах. Не буду ацэньваць той жа Мазырскі тэатр — адзіны беларускі калектыў, чыіх работ я, на жаль, ніколі не бачыў. Яго спектаклі не траплялі ні на ТЕАРТ, ні на “М@rt.кантакт” ці “Белую Вежу” — вядучыя беларускія фестывалі. Але сёлета іх “Людзі на балоце” — прыз Раману Цыркіну за найлепшую рэжысуру.

Перамога Тэатра-студыі кінаакцёра (спектакль “Фальшывая нота” стаў  “Найлепшым спектаклем тэатра драмы для вялікай сцэны”) выклікала здзіўленне. Гаворка пра калектыў з роўнымі, прадказальнымі спектаклямі, без наватарства і трактовак, з адсутнасцю мастацкіх прарываў, арыентаваны хутчэй на “масавага гледача”, чым на фестывальныя паказы. Натуральна, і такі падыход мае права на існаванне. Але ці гэта нагода лічыць яго прыкладам для пераймання і адзначаць прэміяй? Да таго ж на сцэне ў спектаклі задзейнічаныя ўсяго некалькі акцёраў. Гаворка, хутчэй, ідзе пра малую сцэну. Але што гэта за правілы, якія нельга змяняць!

Новае — не заўважаць

Вынікі Нацыянальнай тэатральнай прэміі і раней былі далёкія ад ідэалу. Штогод яны то наогул ігнаравалі, то пакідалі па-за ўзнагародамі пэўныя цікавыя пастаноўкі. Але ўсё-ткі прэмія давала больш-менш поўную карціну таго, што адбываецца ў беларускім тэатральным свеце. Дый іншай усебеларускай прэміі не было.

Апафеоз чыноўніцкага падыходу: што не так з сёлетняй тэатральнай прэміяй
Спектакль Яўгена Карняга "Латэнтныя мужчыны", Мінск, 2013 год

Сёлетняя прэмія стала апафеозам дзяржаўна-чыноўніцкага падыходу да тэатра. Выпадкова ці не, але сярод пераможцаў пераважна апынуліся лаяльныя дзяржаве дзеячы культуры. Натуральна, у тэатраў не было выбару: яны мусілі падавацца на прэмію, каб не ствараць сабе праблем. Але ў многіх пераможцаў папросту няма шанцаў трапіць у тэатральную гісторыю.

Зрэшты, найбольш здзівіла рашэнне ў намінацыі “Найлепшы драматург”, дзе перамог Аляксей Дудараў. Не будзем спрачацца, выдатны аўтар свайго часу, стваральнік “Радавых” ды “Белых росаў”. Але аддаваць перамогу за п’есу “Вечар”, напісаную ў 1980-я, — значыць засведчыць, што з таго часу нічога новага не з’явілася. 

Ці гэтае новае проста чарговы раз вырашылі не заўважаць.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі