Апазіцыя правяла ў Мінску “Марш абураных беларусаў 2.0”
15.00 Акцыя скончылася непрацяглым мітынгам на плошчы Незалежнасці, куды прыйшло некалькі сотняў чалавек. Мікола Статкевіч абвясціў прысутным, што наступная буйная акцыя апазіцыі плануецца 25 сакавіка 2018 году, на стагоддзе абвяшчэння Беларускай народнай рэспублікі. Затрыманняў не было.
14.45 Людзі ідуць па праспекце Незалежнасці, выгукваючы лозунгі. Праваахоўнікі не ўмешваюцца ў акцыю, хоць “людзі ў цывільным” там прысутнічаюць.
14.20 На Кастрычніцкай плошчы сабралася каля 100 чалавек. Людзі трымаюць бел-чырвона-белыя сцягі і плакаты з патрабаваннем спыніць бязмежжа ў войску, павысіць заробкі і пенсіі, адмяніць дэкрэт №3 і вызваліць палітвязняў. Мікола Статкевіч прапанаваў прайсціся маршам з Кастрычніцкай да плошчы Незалежнасці.
Апазіцыя ладзіць у Мінску “Марш абураных беларусаў 2.0”. Несанкцыянаваная акцыя, якую анансаваў Мікола Статкевіч, скіраваная супраць бязмежжа ў войску і супраць “падатку на дармаедаў”.
Перад акцыяй, пачатак якой абвешчаны на 14.00, адбыліся шматлікія прэвентыўныя затрыманні актывістаў у Мінску і ў рэгіёнах. Многія дзеячы апазіцыйнага руху атрымалі адміністратыўныя арышты, таму не змогуць далучыцца да гэтага мерапрыемства.