Апазіцыя заяўляе, што акцыі пратэсту ў Грузіі працягнуцца
Пратэсты ў Тбілісі / Irakli Gedenidze / Reuters / Scanpix / LETA
Апазіцыя заяўляе, што акцыі пратэсту ў Грузіі працягнуцца. Бліжэйшая адбудзецца ў сераду ў Тбілісі. Напярэдадні ў цэнтры грузінскай сталіцы былі жорсткія сутыкненні пратэстоўцаў і сілавікоў. Мітынгавалі тысячы чалавек. Яны пратэстуюць супраць прынятага парламентам Грузіі ў першым чытанні законапраекта "аб замежных агентах". Лічыцца, што з-за яго краіна не зможа ўступіць у ЕС і NATO. Апазіцыя бачыць у ім "руку Масквы", спробу пераймання расійскага досведу ў стварэнні "рэпрэсіўнага механізму".
Патрабаванні пратэстоўцаў падтрымала прэзідэнт Грузіі Саломе Зурабішвілі, якая знаходзіцца з візітам у ЗША. Яна паабяцала накласці на законапраект вета. Аднак пратэстоўцы скептычна аднесліся да яе заявы і паспрабавалі прарвацца ў парламент. Спецназ з дапамогай вадамётаў, слёзацечнага газу і святлошумавых гранат заняў прылеглую да парламента тэрыторыю (у паліцыю ляцелі камяні і "кактэйлі Молатава"). Ёсць пацярпелыя, у Тбілісі было затрымана 66 чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.