Апазіцыйныя палітыкі прааналізуюць магчымыя стратэгіі перамогі

У сераду а 9-й раніцы пачнецца чарговы круглы стол па вылучэнні адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў. Гэтым разам удзельнікі “стала” будуць разглядаць аналіз магчымых стратэгій перамогі. Пра гэта Еўрарадыё распавёў лідэр аргкамітэта па стварэнні сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада”, кандыдат у прэзідэнты ад “Еўрапейскай кааліцыі” Мікола Статкевіч.
Мікола Статкевіч: “Мы ўсяго налічылі чатыры стратэгіі, якія альбо выкарыстоўвала апазіцыя, альбо плануе скарыстоўваць”.

Адну стратэгію адкінулі адразу як не вартую ўвагі — “Нібыта выбары”. Гэтай стратэгіяй карысталіся падчас прэзідэнцкіх выбараў, калі рабілі выгляд, што ўсё ідзе нармальна. Стратэгію пад умоўнай назвай “Байкот” прааналізуе лідэр АГП Анатоль Лябедзька. Аналіз яшчэ дзьвюх узяў на сябе Статкевіч.

Мікола Статкевіч: “Адна з умоўнай назвай “Захад нам дапаможа”. Яе некалькі прэтэндэнтаў падтрымоўваюць: Казулін, Ярашук. Гэта стаўка на кампраміснага кандыдата, якога будуць гатовыя падтрымаць Усход і Захад. І стратэгія “Плошча”.

Зрабіўшы кампіляцыю з гэтых дзьвюх стратэгій, пахваліўся Статкевіч, ён нават вывеў патрабаванні да адінага кандыдата. Праўда, што гэта за яны, пакуль не прызнаўся. Дарэчы, пасяджэнне круглага стала — закрытае. На яго не пускаюць не толькі журналістаў, але нават і сябраў Рады беларускай інтелегенцыі, па ініцыятыве якой гэтыя сталы і праходзяць. Выключэнне зрабілі толькі для сташыні Рады Ўладзіміра Коласа.

А ў якасці працэдуры па вылучэнні “адзінага” ўдзельнікі круглага стала мяркуюць скарыстацца прапановай “Маладога фронту”. Нагадаю, што "Малады фронт" прапануе спачатку кожнаму з прэтэндэнтаў скласці спіс сваёй ініцыятыўнай групы, які мусіць быць не меншы за паўтары тысячы чалавек. На другім этапе выбараў адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад апазіцыі яго кандыдатуру ацэняць эксперты.

У круглым стале па вылучэнні адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў возьмуць удзел Віталь Рымашэўскі, Мікола Статкевіч, Анатоль Лябедзька, Сяргей Калякін, Аляксандр Ярашук, Лявон Баршчэўскі, Аляксандр Казулін, Уладзімір Някляеў і Ўладзімір Колас.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі