Апублікаванае медзаключэнне аб смерці Карымава: масіўнае кровазліццё ў мозг
Урад Узбекістана апублікаваў афіцыйнае медыцынскае заключэнне аб смерці прэзідэнта Іслама Карымава, якога пахавалі ў суботу, 3 верасня.
Як гаворыцца ў дакумэнце, раніцай 27 жніўня Карымава даставілі ў клінічны шпіталь Міністэрства аховы здароўя ў непрытомным стане. Афіцыйна жыхарам краіны пра гэта паведамілі толькі на наступны дзень.
Тэрмінова быў сабраны кансыліум з найлепшых еўрапейскіх нейрахірургаў, кардыёлагаў і рэаніматолагаў, у выніку чаго лекары дыягнаставалі ў хворага масіўнае кровазліццё ў мозг (інсульт). Артэрыяльны ціск быў 250/120 і неўзабаве сэрца Карымава спынілася, але праз 20 хвілінаў пацыента здолелі рэанімаваць. Тым не менш, прэзідэнт трапіў у “атанічную кому” і яго перавялі на штучную вентыляцыю лёгкіх .
Цягам наступных дзён назіраўся “устойлівы прыгнёт біяэлектрычнай актыўнасці галаўнога мозгу”, усе органы пераставалі працаваць. 2 верасня у 20.15 у хворага спынілася сэрца і яго ўжо не змаглі рэанімаваць зноў. У 20.55 дактары зафіксавалі біялягічную смерць.
На наступны дзень ён быў пахаваны ў Самаркандзе.