Арганізацыі беларусаў у Літве дыстанцыяваліся ад ідэалогіі літвінізму

Вільня

Вільня / pixabay.com

Некалькі беларускіх грамадскіх арганізацый, якія дзейнічаюць у Літве, падпісалі дэкларацыю, у якой адмяжоўваюцца ад ідэалогіі літвінізму. Пра гэта піша lrt.lt. Такія ідэі становяцца прычынай канфрантацыі паміж беларусамі і літоўцамі. Прыхільнікі гэтай тэорыі сцвярджаюць, што Літва не з'яўляецца спадчынніцай Вялікага Княства Літоўскага, і ставяць пад сумнеў прыналежнасць Вільні Літве.

"Няўрадавыя арганізацыі прынялі заяву, у якой адмаўляюць гэтую канцэпцыю, кажуць, што яна ім чужая", — заявіў на прэс-канферэнцыі старшыня часовай групы Сейма "За дэмакратычную Беларусь" Жыгімантас Павілёніс. Дэкларацыю падпісалі каля дзясятка беларускіх грамадскіх арганізацый, якія дзейнічаюць у Літве. Пра гэта расказаў сябра Беларускай нацыянальнай платформы Мікалай Кванталіяні. Дэкларацыю падпісалі грамадская ўстанова "Дапамога", Беларуская рада па культуры, грамадская ўстанова "Літвіны" і іншыя. У дэкларацыі гаворыцца, што арганізацыі, якія яе падпісалі, выказваюцца за міжнароднае права і выступаюць супраць любых тэрытарыяльных прэтэнзій да Літвы.

"Мы катэгарычна адпрэчваем спробы пасварыць нашы народы праз літвінізм. Гэта шкодная рыторыка ад спецслужбаў Крамля і рэжыму Лукашэнкі, яны імкнуцца пасварыць літоўскі і беларускі народы", — адзначыў Кванталіяні. Раней пра тое, што папулярызацыяй ідэй літвінізму займаюцца спецслужбы іншых краін, казаў дырэктар Дэпартамента дзяржбяспекі Літвы Дарус Яўнішкіс. Паводле яго ацэнкі, літвінізм — "гэта інструмент беларускага КДБ для павышэння напружанасці паміж літоўскай і беларускай супольнасцямі, эскалацыі канфлікту".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі