Арганізатары Еўрабачання-2024 змянілі правілы фіналу — #ІхНоравы
Арганізатары Еўрабачання хочуць, каб фінал не быў сумным
Прырода чарговым разам здзіўляе чалавецтва. Пустыня зазнае нечуваныя залевы — так неба адказвае на спробы людзей кіраваць надвор’ем? А навукоўцы здіўляюцца, як яны літаральна ў сябе пад носам увесь гэты час не заўважалі гіганцкай чорнай дзіркі.
Мастак з Аўстраліі даследаваў 2400 пакаленняў сваіх продкаў, а прадзюсары Еўрабачання прынялі да ведама прыроду рассеянай увагі сучаснага чалавека і змянілі правілы шоу — усё дзеля таго, каб мы яго даглядзелі.
Пра гэта — у нашым штодзённым аглядзе міжнародных навінаў.
Дубай 75 гадоў не бачыў столькі вады
У Аб’яднаных Арабскіх Эміратах за дзень выпала 142 мм ападкаў. Звычайна тут столькі набіраецца за паўтара года.
Залева затапіла дарогі і дамы. Аэрапорт Дубая — адзін з самых загружаных у свеце — часова прыпыніў працу. На відэа з аэрадрома гіганцкія далёкамагістральныя самалёты больш падобныя да гідрапланаў, што сядаюць на ваду.
Дажджы выпалі і ў іншых пустэльных краінах — Бахрэйне, Амане, Катары, Саудаўскай Аравіі. Але менавіта ў ААЭ яны былі такія моцныя, што ўлады аднаго з сямі эміратаў краіны нават прызналіся, што стыхія пераўзыходзіць “усё задакументаванае з пачатку збору дадзеных у 1949 годзе”.
Мастак з Аўстраліі склаў радавод аж да 65 тысяч гадоў назад
Са свайго генеалагічнага дрэва і гісторыі сваёй сям’і Арчы Мур зрабіў мультымедыйны арт-праект, які прадставіў на Венецыянскай біенале. Яму адвялі цэлы павільён, дзе сцены і столь распісаныя сотнямі імёнаў, якія, як сцвярджае мастак, належаць яго продкам.
Мур даследаваў прыкладна 2400 пакаленняў. Асобную ўвагу ён надаў аўстралійскім абарыгенам, якія памерлі ад рук каланізатараў у няволі. Такіх імёнаў 557 — і кожны факт смерці ў турме пацверджаны дакументамі.
Навукоўцы адкрылі самую вялікую ў галактыцы чорную дзірку — яна блізка ад Зямлі
Астраномы Еўрапейскага касмічнага агенцтва выявілі чорную дзірку, якая калісьці была агромністай зоркай. І знаходзіцца яна побач з Сонечнай сістэмай. Чорную дзірку назвалі Gaia BH3, і яна лічыцца самай буйной з вывучаных і пацверджаных.
Але больш, чым памер, навукоўцаў здзівіла яе блізкасць да Зямлі. “Усяго толькі” 2000 светлавых гадоў. Вывучэннем гэтай чорнай дзіркі і пацверджаннем, што яна — менавіта чорная дзірка, а не выдумка асобнага астранома, займалася каманда з больш чым 300 навукоўцаў.
Фінал Еўрабачання-2024 пройдзе па новых правілах
Конкурс сёлета прымае Швецыя — дзякуючы ўдаламу выступу Ларын на “Еўрабачанні-2023”. Паўфіналы пройдуць 7 і 9 траўня, фінал — 11 траўня.
Еўрапейскі вяшчальны саюз правядзе конкурс па новых правілах. Напрыклад, лёсаванне дазволіць удзельнікам абраць свой нумар у першай ці ў другой палове шоу. Альбо даверыцца выбару прадзюсара.
Раней парадкам выступу фіналістаў кіраваў вялікі рандам. І гледачам рабілася сумна.
Калі артыст скарыстаецца выбарам прадзюсара, арганізатары арганічна ўпішуць яго нумар у агульную праграму фіналу, каб гэта было цікава глядзець.
Беларусь і Расія сёлета, як і летась, удзельнічаць у Еўрабачанні не будуць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.