Археалагічная сенсацыя: у Полацку знайшлі магілу сына Усяслава Чарадзея (фота)
Пра сапраўдную археалагічную сенсацыю паведамляе прэс-служба Полацкага дзяржуніверсітэта. У Полацку, магчыма, знайшлі магілу сына славутага князя Усяслава Чарадзея Святаслава-Георгія (1050-я — пасля 1130). Яна знаходзілася ў невялікім падземным храме, пабудаваным каля сцен Спаса-Праабражэнскай царквы — помніка архітэктуры XII стагоддзя. Адзначаецца, што аналагаў яму "на ўсходнеславянскай прасторы няма".
Падземны храм з'яўляецца ніжнім ярусам пабудовы, якая стаяла асобна каля царквы. Яны пабудаваны з аднолькавай цэглы. У сцяне храма ёсць глыбокая ніша, перакрытая зводам, прызначаная для астанкаў памерлага. Яна невялікая: каля 140 см у даўжыню і 50 см у глыбіню. Гэта і навяло даследчыкаў на думку, што хавалі не цела, а астанкі (было перазахаванне). Сярод смецця былі знойдзены фрагменты каменнай іконкі з выявай святога Георгія. Цалкам магчыма, што ў чалавека, для якога пабудавалі асобны храм, было такое імя. І яго шанавала ігумення праваслаўнага манастыра Ефрасіння Полацкая (1104-1167) — асветніца, прылічаная да ліку святых.
Бацькам Ефрасінні Полацкай быў малодшы сын славутага полацкага князя Усяслава Чарадзея (1029-1101) Святаслаў-Георгій, які ў першыя дзесяцігоддзі XII стагоддзя быў віцебскім князем. Разам з іншымі нашчадкамі Усяслава кіеўскія князі ў 1129-м выслалі яго ў Візантыю, дзе ён і памёр. Даследчыкі лічаць, што Ефрасіння магла арганізаваць дастаўку астанкаў бацькі ў Полацк і іх перазахаванне.
Калі версія праўдзівая, знойдзена месца пахавання аднаго з полацкіх князёў, а гэта сапраўдная сенсацыя. Ніша ў падземным храме ў пазнейшы час была закладзеная цэглай. Пакуль невядома, ці ёсць за ёй астанкі або іх усё ж калісьці перанеслі ў іншае месца.