Архітэктары б'юцца за "Купалаўскі" (+фота)

Замест ранейшых праектаў рэканструкцыі тэатра, цяпер прапанавалі новы. Але і ён не ўсім падабаецца. Ніякіх дабудовак у стылі мадэрн да галоўнага будынку тэатра імя Янкі Купалы ў Мінску, прапанаваных раней студэнтамі з архітэктурнага бюро БНТУ пад кіраўніцтвам прафесара Армена Сардарава, не будзе.

Пра гэта Еўрарадыё паведаміла навуковы кіраўнік праекта рэканструкцыі Купалаўскага тэатра, начальнік архітэктурна-рэстаўрацыйнага аддзела прадпрыемства “Праектрэстаўрацыя” Людміла Іванова.

Паводле яе слоў, плошчы тэатра пашыраць трэба — але толькі за кошт прыбудовы дадатковых памяшканняў з задняга фасаду будынка, з захаваннем адзінага архітэктурнага стылю.

Людміла Іванова: “Мы адразу гэта прапаноўвалі. У нас ёсць афіцыйны заказ і мы яго адпрацоўваем. А тое, што рабіў Сардараў, гэта яго прыватная ініцыятыва была — проста прапанова папрацаваць”.


Гэты праект прапанавала навуковы кіраўнік Людміла Іванова
(Фота: tut.by)

Рэстаўратар Іванова ўпэўненая, што пераможа іх прапанова. Першыя ўзгадненні ў вышэйшых інстанцыях ужо прайшлі. 1 красавіка была атрыманая станоўчая рэзалюцыя ад Мінкульта. Праўда, папер з пацверджаннем гэтага навуковы кіраўнік яшчэ на рукі не атрымала — што не перашкаджае ім рыхтавацца да працы над архітэктурным праектам. Згодна са словамі Людмілы Івановай, у самы бліжэйшы час яны апублікуюць у прэсе свае аргументы на яго карысць.

Еўрарадыё паспрабавала даведацца, які праект больш падабаецца самім тэатралам. Як кажа дырэктар Купалаўскага тэатра Павел Палякоў, вырашаць, дзе і якую прыбудову рабіць, павінны прафесіяналы. Для "купалаўцаў" галоўнае — каб былі выкананыя іх патрабаванні.

Павел Палякоў: “Калі прыбудова, то дзеля чаго? Проста дзеля самой прыбудовы? Ёсць тэхнічныя ўмовы, якія склаў тэатр: што трэба, каб тэатр мог нармальна працаваць. Калі гэтыя ўмовы праектны інстытут выконвае, то гэта і добра”.

Нагадаем, што на пачатку сакавіка з’явілася інфармацыя аб прапанаваных студэнцкім бюро пад кіраўніцтвам Сардарава праектах пашырэння плошчаў галоўнай тэатральнай пляцоўкі краіны. Усе тры праекты прадугледжвалі ўзвядзенне на тэрыторыі сквера побач з тэатрам дадатковай прыбудовы.




Такія праекты прапаноўвала студэнцкае бюро
(Фота: kp.by)

Навуковы кіраўнік праекта рэканструкцыі Купалаўскага Людміла Іванова адразу заўважыла, што такая будоўля супрацьзаконная: сквер з’яўляецца помнікам гісторыі і будаваць на яго тэрыторыі забаронена. Сваё меркаванне яна не змяніла і цяпер.

Людміла Іванова: “Я тады казала, што гэта парушэнне, і не хаваю гэтага. Сквер з’яўляецца помнікам. На тэрыторыі помніка нічога будаваць нельга. Вось і ўсё”.

На думку ж прафесара Сардарава, у дадзеным выпадку ёсць не асабісты канфлікт Сардарава і Івановай, а канфлікт двух канцэпцый. Рэстаўратар Людміла Іванова адстойвае свае погляды на развіццё нашай культуры, а ён на першы план выводзіць канцэпцыю развіцця горада. І сваю пазіцыю прафесар па-ранейшаму лічыць больш вернай.

Армэн Сардараў: “На мой погляд, мы ахопліваем абедзве канцэпцыі. З пункту гледжання беларускай культуры, наш праект — гэта жыццё тэатра. Мы забяспечваем жыццё тэатра без перапынку, без высялення ў нейкія сялянскія клубы. Ён будзе выдатна жыць у гэтай прыбудове, побач з часткай, якая рэстаўруецца. Што тычыцца архітэктуры горада, то той праект, які прапанавалі рэстаўратары, не вырашае пытанне задняга фасаду, які выходзіць “тварам” да праспекта. У нас няма асабістых амбіцый, але мы лічым, што іх падыход няправільны. Для культуры, для тэатра, для горада больш цікавы праект, які прапанавалі мы”.

Прафесар абвінавачвае сваіх апанентаў у тым, што яны не хочуць весці спрэчкі на прафесійнай глебе, а ўсе размовы аб знішчэнні гістарычнага скверу называе “істэрычнымі лямантамі”.

Армэн Сардараў: “Калі мы заклікаем нашых апанентаў гаварыць аб горадабудаўнічай праблеме, то яны кажуць, што там праблемы такой няма. А калі мы заклікаем прафесійна разважаць аб ансамблі, што там прэзідэнцкі палац, Дом афіцэраў і ёсць ансамбль вуліцы Энгельса — “Няма ніякага ансамбля!”. Прабачце, але гэта не прафесійная размова. А істэрычныя ляманты наконт таго, што мы высякаем дрэвы… Так, адно дрэва мы высякаем! І ўсё – на яго месцы 10 можна пасадзіць!”

Прафесар упэўнены, што калі будзе прафесійнае абмеркаванне прапанаваных праектаў, то яны дакажуць сваю слушнасць. А рэстаўратараў кпіць за двайныя стандарты.

Армэн Сардараў: “У шэрагу выпадкаў нашыя рэстаўратары дзейнічаюць так, як ім у дадзены момант выгодна. Лёгка ідуць на знос сапраўды гістарычных камянёў і помнікаў. А ў некаторых выпадках займаюць прынцыповую пазіцыю ў нязначных сітуацыях”.

Прафесар Сардараў пакуль не вырашыў, ці будзе адстойваць праекты сваіх выхаванцаў у кабінетах высокіх чыноўнікаў.

Але вось знаны беларускі архітэктар і скульптар Леанід Левін не ў захапленні ад абодвух праектаў.

Леанід Левін: “Сардараў добры навуковец, добры архітэктар, добры чалавек, але не прафесіянал высокага палёту. Пайшлі па шляху — Сардараў знаёмы, далі працаваць яму. Іванова зрабіла Тэатр оперы і балету, да якога шмат пытанняў. Пытанняў больш, чым яны там нарабілі. Лангбард бы перавярнуўся ў труне. Там ёсць усё: мармур, золата, крышталь — а густу няма. І тут будзе тое самае. А гэта ж гісторыя!”

Чытайце таксама:
З Купалаўскага тэатра зробяць "архітэктурнага кентаўра"

Праект рэканструкцыі Купалаўскага парушае закон аб ахове помнікаў

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі