Аркадзь Бабчанка: Саўчанка — закладнік. Толькі пасля прысуду яе абмяняюць

Аркадзь Бабчанка: Саўчанка — закладнік. Толькі пасля прысуду яе абмяняюць

Даведка Еўрарадыё: Аркадзь Бабчанка — расійскі ваенны журналіст. Удзельнік першай і другой чачэнскіх войнаў. Быў ваенным карэспандэнтам на вайне ў Паўднёвай Асеціі ў 2008 годзе. Стваральнік праекту “журналістыка без пасярэднікаў”. Мае шэраг журналісцкіх і літаратурных узнагарод у тым ліку, прэмію Саюза журналістаў Расіі “За мужнасць і прафесіяналізм”.

Еўрарадыё:У Данецку абвяшчаюць прысуд украінскай ваеннай Надзеі Саўчанка. Яе вызвалення патрабуюць лідары еўрапейскіх краін, у шэрагу краін праходзяць акцыі пратэсту супраць суда над Саўчанка. Але ці можа гэты ўціск нейкім чынам паўплываць на рашэнне суда?

Аркадзь Бабчанка: Трэба разумець, што ў Расіі незалежнага суда няма — гэта не чацвёртая ўлада, а інструмент палітычнага ўціску. Прысуд будзе абвінаваўчы і прысудзяць вялікі тэрмін, якіх 15, 18 ці 23 гады. Але па вялікім рахунку, які будзе тэрмін, не мае значэння — тут уладзе патрэбны абвінаваўчы прысуд. Усё будзе вырашацца толькі пасля прысуду. Можа, яе на санкцыі абмяняюць. Колькі часу гэта зойме, сказаць цяжка: можа, некалькі месяцаў, а можа, і некалькі гадоў. Але вектар будзе ў гэты бок — на абмен.

Еўрарадыё: Навошта патрэбны абвінаваўчы прысуд, якая мэта?

Аркадзь Бабчанка: Справа тут не толькі ў мэце…. Справа ў тым, што гэтая машына, якая закруцілася, не можа спыняцца і паварочваць назад. Першапачаткова ўсё задумвалася, як прапагандысцкая справа: злавілі снайпершу-бандэраўку, якая забівала рускіх людзей. У Расіі ўвогуле легенды пра снайперш, якія забіваюць рускіх людзей, ходзяць яшчэ з першай чачэнскай вайны — гэта любімая тэма. І вось хацелі зрабіць з яе такую фашысцкую снайпершу, але ў выніку ўсё гэта правалілася і шум пайшоў на ўвесь свет. Калі б маглі затармазіць, павярнуцца і адматаць усё назад, то яны б гэта зрабілі. Але гэтая сістэма не здольная на такое ў прынцыпе. І таму яна будзе сваёй тупой праматой давіць да канца — іншых варыянтаў няма.

                                                    Надзея Саўчанка

Еўрарадыё: Часам даводзіцца чуць на адрас журналістаў, што калі б яны не ўзнімалі шум вакол пэўнай судовай справы, то, магчыма, і прысуд быў бы мякчэйшы. Шум вакол Саўчанкі дапамог ёй ці нашкодзіў, на ваш погляд?

Аркадзь Бабчанка: Не ведаю, як у Беларусі, але ў Расіі людзей ратуе толькі шуміха. І цяпер гэтая вядомасць будзе Саўчанка толькі на карысць. Бо калі б гэтай вядомасці не было, то, магчыма, яна б ціха ў лагеры з’ехала, і ўсё. Разумееце, цяпер на сітуацыю могуць ціснуць толькі сусветныя лідары: Абама, Меркель, Пан Гімун, ААН — хто заўгодна. Больш ніхто іншы на Уладзіміра Пуціна, а рашэнне прымае толькі гэты чалавек, не зможа націснуць. Таму, безумоўна, шуміха патрэбная.

Еўрарадыё: А не будзе тут па прынцыпе: “Вы хочаце мяне нагнуць? Дык вось, я не нагнуся!”?

Аркадзь Бабчанка: Сапраўды, Уладзімір Уладзіміравіч не любіць нешта рабіць пад уціскам і калі на яго ціснуць, то ён рашэнне не прымае. Але ў гэтым выпадку Пуцін — чалавек больш рацыянальны і клінічна. Для яго мае значэнне толькі мэта і вынік. І калі для дасягнення гэтай мэты трэба будзе вызваліць Саўчанка ці “зліць” Асада, ён і Саўчанка вызваліць і Асада “салье”.

Еўрарадыё: Ці маглі ўкраінскія ўлады нешта рэальна зрабіць для вызвалення Саўчанка?

Аркадзь Бабчанка: Па маіх адчуваннях, можна было рабіць больш. Я гляджу, колькі робяць расійскія журналісты, расійскія адвакаты, Ілья Новікаў там увогуле зямлю носам рые.

Еўрарадыё: Цынічна прагучыць, але я не бачу логікі: калі Саўчанка не снайпер, якая адмыслова палявала на расійскіх журналістаў з намерам іх забіць, то ці можна судзіць шараговага ваеннага, за тое, што яго дзеянні прывялі да смерці нейкіх людзей па той бок супрацьстаяння — ідзе вайна, хоць яе і называюць антытэрарыстычнай аперацыяй, і людзі гінуць, у тым ліку і журналісты.

Аркадзь Бабчанка: Я заўжды выступаю за дакладнасць фармулёвак. Я ўжо сказаў, што гэта не суд і гэта ўсё да суда, права і юрыспрудэнцыі дачынення не мае. І Саўчанка тут не абвінавачаная, а закладнік. Яна нават не ваеннапалонная! Расія баіцца назваць рэчы сваімі імёнамі. Яна проста выкрадзеная і вывезеная. І цяпер нейкія людзі, якія ўзурпіравалі ўладу ў маёй краіне, робяць выгляд, што гэта суд, і спрабуюць яе нібыта судзіць. Але гэта дакладна артыкул Крымінальнага кодэксу Расійскай Федэрацыі, па якім да 15 гадоў пазбаўлення волі за выкраданне і незаконнае пазбаўленне свабоды чалавека.

Еўрарадыё: Чытаю каментарыі ў расійскіх сацсетках з нагоды суда над Саўчанка і жахаюся: пішуць, што яе трэба расстраляць і гэтак далей. Адкуль такія настроі ў грамадстве? Няўжо адзін тэлевізар здольны такое з людзьмі зрабіць?

Аркадзь Бабчанка: Вы недаацэньваеце тэлевізар! Самая магутная зброя Расіі цяпер гэта не “Іскандэры”, не падводныя лодкі і не ядзерная зброя, а “зомбаскрыня”. Гэта апынуўся самым магутным інструментам па дэбілізацыі насельніцтва. Нават я не чакаў такога эфекту: вельмі і вельмі працуе. Іншая справа, што ўся гэтая прапаганда лягла на падрыхтаваную глебу: расійскае грамадства заўжды было агрэсіўным і ксенафобным — нецярплівым да ўсіх астатніх і з імперскім мысленнем. І ў дадатак 15 гадоў замбавання з дапамогай тэлевізара зрабілі сваю справу.

Еўрарадыё: Але ж беларусы з расіянамі — браты навек, нам жа асцерагацца няма чаго?

Аркадзь Бабчанка: Украінцы з расіянамі таксама былі “браты навек”. Сёння мы не ведаем, у які бок Уладзімір Уладзіміравіч будзе сыходзіць ад рэчаіснасці. А тое, што ён ад рэчаіснасці адыходзіць усё далей, відавочна, мне падаецца. Хто мог падумаць два гады таму, што расійскія танкі будуць абстрэльваць украінскія гарады? Калі б ты пра гэта сказаў, то цябе адразу б у вар’ятню паехаў, цябе б за ідыёта палічылі. Але цяпер мы жывём у такой вось рэчаіснасці.

Еўрарадыё: А вывад расійскіх войскаў з Сірыі не з’яўляецца сведчаннем таго, што сілаў і рэсурсаў на ажыццяўленне імперскіх амбіцый ужо не хапае?

Аркадзь Бабчанка: Усе размовы ў сувязі з вывадам войскаў з Сірыі, што Расія не можа ваяваць на два фронты, няправільныя. Якія два фронты? Сірыя не адцягвала нейкую крытычную колькасць войскаў і грошай. І словы Пуціна, што “мы так можам трэніравацца бясконца доўга” — праўда. Расія магла спакойна ваяваць і на Данбасе, і ў Сірыі адначасова. І таму вывад войскаў з Сірыі ні якім чынам не будзе ўплываць на эскалацыю ці дээскалацыю на Данбасе. Іншая справа, што на гэта будзе ўплываць тэлевізар. бо нейкая карцінка “змагання са знешнім ворагам”, безумоўна, патрэбная. З Сірыяй не склалася, і таму я цалкам дапускаю, што будуць за гэтай карцінкай зноў вяртацца на Данбас.

Фота: glavred.info, novayagazeta.ru/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі