Аршанскі інструментальны завод атрымаў каля 48 мільёнаў рублёў
Аршанскі інструментальны завод атрымаў каля 48 мільёнаў рублёў. Грошы былі выдаткаваны з інавацыйнага фонду, за іх прадпрыемства закупіць новае абсталяванне. Пра гэта ў праграме "Контуры" на тэлеканале АНТ паведаміў новы старшыня Аршанскага райвыканкама Ігар Ісачэнка.
13 жніўня падчас наведвання завода Аляксандр Лукашэнка абурыўся, у якіх "катаржных" умовах працуюць там людзі. "Вязніца нейкая!", — сказаў ён. Лукашэнка загадаў навесці парадак унутры нявыкарыстаных цэхаў, на тэрыторыі завода, адрамантаваць дах. Па выніках візіту быў заменены кіраўнік раёна, знятыя з пасадаў два міністры.
Ісачэнка кажа, што будзе закуплена не толькі айчыннае абсталяванне для інструментальнага завода, але, магчыма, і імпартнае, "якому няма аналагаў у Беларусі". Старшыня Аршанскага райвыканкама падкрэслівае, што прадпрыемства мусіць выпускаць прадукцыю, якая будзе запатрабавана і ў нашай краіне, і ў замежжы.