Асуджаная група пратэстоўцаў — за знак "Стоп таракан" і чырвоныя палосы
Асуджаная група пратэстоўцаў — за знак "Стоп таракан" і чырвоныя палосы на белых цюках з саломай. Крымінальную справу разглядаў суд Стаўбцоўскага раёна (суддзя — Вікторыя Суднік). Прысуд агучылі 31 студзеня. Шэсць чалавек — Андрэй Арыко, Максім Дубешка, Аляксандр Бабко, Вольга Дубовік, Алена Дзядзюля, Ігар Мыслівец — за "хуліганства, здзейсненае групай асобаў", атрымалі год калоніі агульнага рэжыму. Кацярына Арыко асуджана на 1,5 года "хатняй хіміі", яе вызвалілі ў зале суда. Усе пратэстоўцы яшчэ раней былі прызнаныя палітвязнямі.
Сем мінчукоў міліцыянеры затрымалі ў Дзяржынскім раёне ўначы 1 верасня 2021-га. Сілавікі нібыта атрымалі "сігнал" ад відавочцы. Ёсць версія, што насамрэч акцыю арганізаваў правакатар, якога ў выніку сярод затрыманых не аказалася (асуджаныя мяркуюць, што гэта быў міліцыянер). Чатырох мужчын і трох жанчын, у якіх былі пры сабе балончыкі з чырвонай і чорнай фарбай, затрымлівалі міліцыянеры з аўтаматамі. На судзе стала вядома пра тое, што падчас затрымання некаторых пратэстоўцаў збівалі, на іншых малявалі свастыку.
Пратэстоўцы паспелі размаляваць 82 цюкі з сенам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.