Асуджаная ў Беларусі ўкраінка расказала, як яе абмянялі на расіянаў

Наталля Захаранка пасля вызвалення

Наталля Захаранка пасля вызвалення / svaboda.org

Жыхарку Чарнігава Наталлю Захаранка вясной 2024 года асудзілі ў Беларусі на 9 гадоў пазбаўлення волі, яе судзілі за "агентурную дзейнасць". Суд быў закрытым. А ўлетку яна апынулася сярод украінцаў, якіх абмянялі на расійскіх вайскоўцаў і святара.

Наталля расказала "Радыё Свабода" пра тое, як яе судзілі, і пра раптоўнае вызваленне. У той момант яна рыхтавалася да этапу ў гомельскую калонію, але замест калоніі яе пасадзілі ў "бусік", на галаву надзелі пакет, вушы заткнулі бярушамі. Разам з Наталляй у аўтамабілі апынуліся яшчэ некалькі чалавек, у тым ліку яе суседка з Чарнігава Людміла Ганчарэнка. Абедзве жанчыны перыядычна ездзілі з Украіны ў Беларусь, і абедзвюх абвінавацілі ў "агентарскай дзейнасці".

"Літаральна за гадзіну да мяжы нам паведамілі, што нас перавядуць ва Украіну паводле абмену. У мяне быў такі шок, рукі так трэсліся, што я не магла піць ваду, праліла ўсю футболку. У мяне была істэрыка, я думала, што гэта нейкі сон", — расказвае Наталля. З Украіны на беларускую мяжу, паводле яе, прывезлі траіх палонных расійскіх салдатаў і аднаго святара. Расіяне былі ў інвалідных вазках. Гэтыя вазкі трэба было затым вярнуць украінскаму боку. Іх прыкацілі назад Наталля, Людміла і ўкраінскія ваеннапалонныя. Пасля ўсіх іх пасадзілі ў верталёт і даставілі ў Кіеў. "Усё было як у блакбастары", — кажа Наталля.

Пасля вяртання ва Украіну, прызнаецца жанчына, у яе было толькі адно жаданне — патэлефанаваць маме і сказаць, што яна дома. "Я дагэтуль не прыйшла ў сябе, быццам усё было ў сне. Я пайшла ў горад, там столькі людзей, машынаў! Я ў разгубленасці, не ведаю, куды падзець рукі. Альбо трымаць іх ззаду, як у турме, альбо засунуць у кішэні", — кажа Наталля.

У групе палітзняволеных, якія вярнуліся ва Украіну, быў і Мікалай Швец, затрыманы ў Беларусі за дыверсію з расійскім самалётам А-50 у Мачулішчах. А Расія атрымала мітрапаліта Тульчынскага і брацлаўскага Ёнафана. У жніўні 2023 года яго асудзілі ва Украіне на пяць гадоў пазбаўлення волі за замах на тэрытарыяльную цэласнасць Украіны і апраўданне расійскай агрэсіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі