Асуджаны былы дырэктар Бабруйскага мясакамбіната ачоліў СВК

Асуджаны былы дырэктар Бабруйскага мясакамбіната ачоліў СВК

Асуджаны былы дырэктар Бабруйскага мясакамбіната Віктар Хадасевіч ачоліў сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў "Ліпаўка" ў Хоцінскім раёне. Ён выконвае абавязкі старшыні СВК, інфармуе праваабарончы сайт spring96.org.

Вядома, што Хадасевіч у траўні мінулага года быў асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за замах на крадзёж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейснены групай асобаў паводле папярэдняй змовы. Ён сваёй віны не прызнаў. Паводле судовага рашэння, тры гады экс-дырэктар не меў права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распараджальных і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў.

У апошнія тыдні стала вядома, што ў Беларусі на волі апынуліся некалькі былых кіраўнікоў і чыноўнікаў, якія раней былі асуджаны, у тым ліку і за карупцыйныя злачынствы. Іх адправілі працаваць на праблемныя прадпрыемствы, у тым ліку і ў сельскую гаспадарку.

Напрыклад, былы намеснік генпракурора Аляксандр Архіпаў не адбыў да канца свой тэрмін, стаў дырэктарам сельскагаспадарчага прадпрыемства "Пятровічы" ў Смалявіцкім раёне. Ігар Стасевіч, былы намеснік старшыні Баранавіцкага гарвыканкама, быў асуджаны на тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму, а раптоўна стаў дырэктарам камбіната надомнай працы. Былы генеральны дырэктар "Магілёўдрэва" Андрэй Вусаў, якога на 8 гадоў адправілі за краты, таксама апынуўся на волі і працуе выканаўчым дырэктарам прадпрыемства "Строммашына".

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі