Асуджаны камандзір роты, які страляў у падначаленых з пнеўматычнага пісталета
Судзілі вайскоўца за "перавышэнне ўлады начальнікам, спалучанае з гвалтам і выкарыстаннем спецыяльных сродкаў" / pixabay.com
У Мінску асуджаны старшы прапаршчык, які страляў у падначаленых з пнеўматычнага пісталета, выкарыстоўваў супраць іх спецсродкі, збіваў. Ад дзеянняў камандзіра роты адной з вайсковых часцей пацярпелі 18 вайскоўцаў тэрміновай службы. Служба інфармацыі пракуратуры горада Мінска паведамляе, што ўсё гэта працягвалася з лютага 2021-га да студзеня 2022 года. Старшы прапаршчык такім чынам спрабаваў падтрымліваць у падраздзяленні дысцыпліну, дамагацца выканання загадаў.
Судзілі вайскоўца за "перавышэнне ўлады начальнікам, спалучанае з гвалтам і выкарыстаннем спецыяльных сродкаў". Сваю віну ён прызнаў. Крымінальную справу разглядаў суд Заводскага раёна Мінска. Камандзіра роты асудзілі на 5 гадоў пазбаўлення волі, штраф у памеры 4,8 тысячы рублёў і пазбаўленне на 5 гадоў права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў. Па амністыі тэрмін пакарання скарацілі на адзін год.
Асуджанага пазбавілі вайсковага звання "старшы прапаршчык". Пнеўматычны пісталет у яго канфіскавалі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.