Асуджаны за карупцыю былы гендырэктар узначаліў сельгаскааператыў

Асуджаны за карупцыю былы гендырэктар узначаліў сельгаскааператыў

Экс-гендырэктар прадпрыемства "Холдынг "Магілёўвадбуд" Яўген Зюзін, асуджаны ў 2014 годзе на сем гадоў зняволення за крадзеж і атрыманне буйнога хабару паўторна, выйшаў на волю. З канца студзеня 2016 года ён узначаліў СВК "Калгас імя Дзяржынскага" Бабруйскага раёна, інфармуе БелаПАН.

Нагадаем, у траўні 2014 года суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў гендырэктара вінаватым у завалоданні маёмасцю шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, а таксама ў атрыманні хабару двойчы ў буйным памеры. Акрамя пазбаўлення волі Зюзіна аштрафавалі на 45 мільёнаў рублёў, у яго была канфіскавана маёмасць. Таксама ён быў пазбаўлены права займаць на працягу пяці гадоў пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў. Сам Зюзін з прысудам не пагадзіўся і катэгарычна адмаўляў атрыманне хабараў.

"Я хацеў бы забыць гэта як кашмарны сон ці як непаразуменне. Не хацелася б варушыць мінулае", — заявіў БелаПАН Яўген Зюзін. Разам з тым былы гендырэктар па-ранейшаму лічыць, што па артыкуле 430 (атрыманне хабару паўторна ў буйным памеры) ён быў асуджаны несправядліва. Сваё вызваленне і прызначэнне на кіруючую пасаду ён звязвае з недахопам адукаваных кіраўнікоў, "у сельскай гаспадарцы асабліва". На пытанне, ці пісаў ён заяву аб памілаванні, былы гендырэктар не адказаў.

Адзначым, што ў апошнія месяцы гэты выпадак не адзіны, калі былыя кіраўнікі прадпрыемстваў, ці чыноўнікі датэрмінова вызваляюцца і прызначаюцца на кіруючую працу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі