Асуджаныя сабралі сіротам 15 мільёнаў рублёў са сваёй кішэні
Падзяку ім надрукавалі ў газеце “На страже”.
У “Барысаўскім доме дзіцяці” на пытанне Еўрарадыё, ці сапраўды асуджаныя “Папраўчай калоніі № 14” пералічылі грошы дзецям-сіротам, адказваюць нечаканым пытаннем:
“Ой, а дзе гэта напісана? Бо мы размяшчалі падзяку ў газеце “На страже”, і нам сказалі, што надрукаваная падзяка, але самі пакуль не бачылі”.
Цяпер тут знаходзіцца болей за 100 дзетак ва ўзросце да трох гадоў. Дабрачынныя грошы размяркоўваюць на свае патрэбы:
“Нам так вельмі зручна. Калі мы, напрыклад, хочам нейкі рэлаксацыйны кабінет абсталяваць, бяром адтуль грошы”.
Намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце “Папраўчай калоніі № 14” Дзмітрый Масько распавядае Еўрарадыё, адкуль грошы:
“Праводзім з асуджанымі размовы, ў тым ліку размаўляе бацюшка, і ў ходзе гэтых размоваў яны пранікаюцца праблемай, і пералічваюць грошы. Хто пералічвае з заробкаў, хто аддае грошы, якія ім перадаюць родныя”.
Пытаюся, ці ведаюць асуджаныя пра падзяку ад дзіцячага дома?
Дзмітрый Масько: Вядома, падчас размоваў мы распавядаем пра гэта, і гэта таксама дае станоўчы эфект.
Еўрарадыё: А адміністрацыя калоніі мо таксама бярэ ўдзел у дабрачыннасці?
Дзьмітрый Масько: Па меры магчымасцяў.
Як даведалася Еўрарадыё, у 2012 годзе “Барысаўскаму дому дзіцяці” пералічылі 30 мільёнаў рублёў, ў мінулым — 15 мільёнаў рублёў (10 мільёнаў пералічылі на святы, і 5 мільёнаў – цягам года).
На навагодніх святах дзеткі ў дамах-інтэрнатах таксама атрымліваюць падарункі. Звычайна, ад мясцовых ўлад, ці яшчэ больш высокіх гасцей. У дзіцячых дамах пабывалі ледзь не ўсе міністры і губернатары. У Мінаблвыканкаме тлумачаць Еўрарадыё, адкуль грошы на падарункі:
"Салодкія баулы купляюцца на грошы мясцовых бюджэтаў, а таксама падарункі прывозяць з сабой госці".