“Атлетыка” і “Манчэстар” выйшлі ў ¼ фіналу Лігі чэмпіёнаў
Мадрыдскі “Атлетыка” заваяваў пуцёўку ў чвэрцьфінал футбольнай Лігі чэмпіёнаў, атрымаўшы перамогу над ПСВ Эйндховен. Другі матч 1/8 фіналу паміж гэтымі камандамі прайшоў 15 сакавіка на хатнім полі іспанцаў. Цягам гульні захоўвалася сухая нічыя — 0:0, таму вынік сустрэчы вырашыўся ў серыі пенальці, дзе “Атлетыка” перамог з лікам 8:7.
Нагадаем, што папярэдні матч паміж гэтымі двума клубамі скончыўся нічыёй — 0:0.
А ў Манчэстары вызначыўся яшчэ адзін чвэрцьфіналіст еўракубка. Мясцовы “Манчэстар Сіці” згуляў з кіеўскім “Дынама” (0:0) і такім чынам прайшоў у наступную стадыю турніру. Папярэдні матч скончыўся з лікам 3:1 на карысць англічан.
Раней у 1/4 фіналу выйшлі мадрыдскі "Рэал", нямецкі "Вольфсбург", ПСЖ і "Бенфіка". Сёння пройдуць апошнія матчы 1/8 фіналу — сустрэнуцца "Баварыя" і "Ювентус" (першы матч — 2:2), "Барселона" і "Арсенал" (2:0).