Атрошчанкаў: Еўрасаюз гатовы пашырыць санкцыі

11-13 чэрвеня прадстаўнікі Службы знешнепалітычнай дзейнасці ЕС Джон К'яэр і Стэфан Трэсінг наведалі з працоўным візітам Мінск. Еўрачыноўнікі сустрэліся як з прадстаўнікамі беларускага МЗС, так і з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці. 

 
Сярод іншых, на сустрэчы прысутнічаў каардынатар кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Аляксандр Атрошчанкаў.

120614 AtroshankauS.mp3


Еўрарадыё: Ці казалі прадстаўнікі ЕС нешта пра магчымыя змены ў тактыцы Брусэля напярэдадні парламенцкіх выбараў у Беларусі?

 
Аляксандр Атрошчанкаў: Брусэль сочыць за тым, што адбываецца ў Беларусі. Высновы ўжо зробленыя, але ацэнкі будуць дадзеныя пасля выбараў. Вядомае ўжо выказванне спадара Пафалы, што на фоне адсутнасці палітычнай дзейнасці і наяўнасці палітзняволеных ўжо цяпер можна сцвердзіць, што выбары не адбываюцца дэмакратычна.

Еўрарадыё: Які план дзейнасці ЕС на бліжэйшыя месяцы?


Аляксандр Атрошчанкаў: Прадстаўнікі службы знешніх дзеянняў ЕС адзначылі, што з боку беларускіх уладаў паступала шмат абяцанняў, намёкаў, што будуць вызваленыя палітзняволеныя, але гэта скончылася расчараваннем для Еўропы. Беларускія ўлады не здольныя выконваць ніякіх дамоўленасцяў, ніякіх абяцанняў. Калі ў бліжэйшыя дні нічога не зменіцца, то санкцыі будуць пашыраныя — на гэта ёсць паразуменне і гатоўнасць Еўрасаюза. 


Еўрарадыё: А ці назіраюцца нейкія зрухі ў пытанні спрашчэння візавага рэжыму?


Аляксандр Атрошчанкаў: Еўрасаюз не гатовы да размовы з кіраўніцтвам краіны, якая не зацікаўленая, каб палепшыць жыццё сваім грамадзянам. Спрашчэнне візавага рэжыму звязанае з пагадненнем аб рэадмісіі, а вядома, што беларускае кіраўніцтва не надта зацікаўленае ў тым, каб беларусы вольна вандравалі па Еўропе, таму ніякіх пагадненняў не будзе і ўсё застанецца як ёсць. Аднак мы казалі, што спрашчэнне візавага рэжыму ды пагадненне ад рэадмісіі не мусяць быць звязаныя, і заклікалі, каб спрашчэнне адбылося ў аднабаковым парадку. 

Еўрарадыё: І што яны адказалі?


Аляксандр Атрошчанкаў: Ну, гэта ж не вырашаецца на такіх сустрэчах. Мы сваю думку выказалі. Гэта пытанне не аднаго дня і не аднаго месяца. Тое, што можна зрабіць з нашага боку, — мы будзем рабіць. 

Еўрарадыё: А як прадстаўнікі ЕС ацэньваюць стан адносінаў на лініі Мінск-Брусэль?


Аляксандр Атрошчанкаў: Брусэль выказвае сваё расчараванне і адзначае, што беларускі бок зусім не здольны дамаўляцца. Каб выпусціць палітзняволеных, не трэба рабіць фантастычных высілкаў. Тое, што адбываецца цяпер, паказвае, што пагадненні з беларускім бокам немагчымыя.

Фота: svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі