Атруцілі жонку кіраўніка ГУР Мінабароны Украіны Кірыла Буданава
Марыяна і Кірыл Буданавы
Атруцілі жонку кіраўніка ГУР Мінабароны Украіны Кірыла Буданава, паведамляе тг-канал "Бабель" са спасылкай на крыніцы ва ўкраінскай разведцы. У арганізме Марыяны Буданавай знайшлі цяжкія металы. Цяпер яна ў бальніцы і ўжо завяршае курс лячэння, а пасля нейкі час будзе пад наглядам.
Расследуецца спроба забойства Буданавай. "Гэтыя рэчывы ніякім чынам не выкарыстоўваюцца ў побыце і ваеннай справе. Іх наяўнасць можа паказваць на мэтанакіраваную спробу атручвання канкрэтнага чалавека", — распавялі крыніцы ўкраінскага выдання. Пра гэта ж паведамляюць і крыніцы УНІАН.
Як піша pravda.com.ua, жонку Буданава атруцілі найхутчэй праз ежу. Атручванне пацвердзілася і ў некалькіх супрацоўнікаў ГУР. Яны таксама ў бальніцы.
Пра Марыяну Буданаву вядома мала. Ёй 30 гадоў. Паводле адукацыі яна псіхолаг, займалася валанцёрскай дзейнасцю, уваходзіла ў партыю "Удар" Віталя Клічко. Нядаўна кіраўнік ГУР распавёў, што ў мэтах бяспекі яна жыве з ім у кабінеце. Для Кірыла Буданава шлюб з Марыянай другі, яны разам з 2013 года.
Генерал-лейтэнанту Кірылу Буданаву 37 гадоў. Ён кіруе Галоўным упраўленнем разведкі Мінабароны Украіны з 2020 года. Да таго ўдзельнічаў у дыверсійных аперацыях у тыле расійскіх акупантаў, быў паранены. На яго былі спробы замахаў. Буданаў заяўляў пра шматлікія гучныя дыверсіі, арганізаваныя ГУР на акупаваных тэрыторыях Украіны і ў РФ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.