СК Расіі абвінаваціў кіраўніка ГУР Украіны ў тэрарызме за атакі дронаў на Маскву
Кірыл Буданаў
Следчы камітэт Расіі выставіў абвінавачанні шэрагу ўкраінскіх ваеначальнікаў, іх абвінавачваюць ва ўчыненні тэракту. Фігурантамі гэтай справы сталі кіраўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Кірыл Буданаў, а таксама камандуючы паветранымі сіламі УСУ Мікалай Аляшчук, камандуючы Ваенна-марскімі сіламі Аляксей Неіжпапа і камандзір украінскага палка беспілотнікаў Сяргей Бурдзянюк. Абвінавачанні выстаўленыя завочна. У расійскім СК лічаць, што найвышэйшае вайсковае кіраўніцтва Украіны датычнае "да арганізацыі і здзяйснення ў перыяд з красавіка 2022 года па верасень 2023 года больш за 100 удараў з паветра з выкарыстаннем беспілотных лётных апаратаў самалётнага тыпу" па тэрыторыях Масквы і Маскоўскай вобласці, іншых рэгіёнаў РФ і акупаванага Расіяй Крыма. Нагадаем, вайну 24 лютага 2022 года пачала Расія, яна напала на Украіну і працягвае абстрэльваць тэрыторыю і населеныя пункты суседняй краіны, гінуць людзі.
Масква сёлета некалькі разоў перажывала атакі беспілотнікаў. Не ўсе дроны расіянам удавалася збіць. Былі траплянні ў адміністрацыйныя будынкі, дзе размешчаныя федэральныя міністэрствы. Але часцей мэтамі станавіліся вайсковыя аб'екты або аб'екты інфраструктуры. Некаторыя атакі ў ГУР каментавалі. У прыватнасці, з нагоды атакі на аэрадром у Пскове ў канцы жніўня Буданаў сказаў, што "мы працуем з тэрыторыі Расіі". У выніку гэтай атакі некалькі самалётаў былі знішчаныя, некалькі — пашкоджаныя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.