Аўтуховіч — лідарам апазіцыі: Ці не час вам сысці на пенсію?

Аўтуховіч — лідарам апазіцыі: Ці не час вам сысці на пенсію?

Тое, чаго не здолеў зрабіць Мікола Статкевіч, атрымліваецца ў еўрадэпутатаў, сябраў кіроўнай Еўрапейскай народнай партыі: на Кангрэс да Статкевіча лідары апазіцыі 15 траўня не прыйшлі, затое ўсе сабраліся за адным сталом 16 траўня ў сталічным гатэлі “Рэнесанс”. На заклікі Статкевіча аб'яднацца яго паплечнікі па дэмакратычнай апазіцыі адказваюць маўчаннем альбо адмовай, на сустрэчы з еўрапейскімі палітыкамі яны дэманструюць гатоўнасць да супольнай працы на выбарах.

Тым больш што і Богдан Здраеўскi, і Сандра Калніетэ, і Дэвід Макалістэр з Еўрапарламента, і кіраўнік Прадстаўніцтва ЕС ў Беларусі Андрэа Віктарын у сваіх прамовах абавязкова згадваюць блізкія парламенцкія выбары. Кажуць, што будуць уважліва за імі сачыць, што вынік гэтых выбараў будзе мець вялікае значэнне… Ну як тут не дэманстраваць адказнае стаўленне да выбарчай кампаніі і лідарам беларускай апазіцыі? Але што канкрэтна яны кажуць у адказ еўрапейскім гасцям?

“Мы будзем прыкладаць намаганні, мы будзем патрабаваць супольна з нашымі калегамі праводзіць кампанію назірання, каардынаваць высілкі ў падрыхтоўцы і правядзенні выбарчай кампаніі. А таксама ў правядзенні акцый пратэсту ў выпадку фальсіфікацый выбараў”, — заяўляе сустаршыня Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.

І папярэджвае еўрапейскіх палітыкаў: пакуль не пройдуць сумленныя і празрыстыя выбары, не варта заключаць нейкія пагадненні з “нелегітымнай” уладай.

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч раіць еўрапейцам асцярожна супрацоўнічаць з беларускімі ўладамі, перасцерагае наконт небяспекі росту расійскага ўплыву, раіць павялічыць фінансаванне “беларускіх праектаў” — і… ні слова пра будучыя выбары.

Мікола Статкевіч адразу папярэджвае: доўга сядзець за “круглым сталом” ён не можа, спяшаецца да стаматолага, а таму адразу скажа ўсё, што мае сказаць.

“Выбараў няма, але чамусьці мы маем 7 апазіцыйных спісаў на выбарах — сем! У нас выбары ў адзін тур, і мы самі крадзем у сябе перамогу нават без дапамогі ўлады: адноснай большасці дастаткова для перамогі, а ад улады будзе толькі адзін кандыдат на акругу! Гэта безадказнае стаўленне. Мы не здольныя гэтаму зашкодзіць, бо не здольныя нават абмеркаваць з вамі, ці варта ўдзельнічаць у выбарах. Яшчэ восенню усе тут прысутныя казалі: “Мы не пойдзем на выбары без зменаў у заканадаўстве!” І адразу сем спісаў!”

Статкевіч заклікае дзейнічаць па прынцыпе "адна акруга — адзін апазіцыйны кандыдат". Калегі ж у гэты час альбо глядзяць у планшэты, альбо “ўносяць праўкі ў тэкст свайго выступу”.

Таццяна Караткевіч, старшыня кампаніі “Гавары праўду”, тэму выбараў не абмінае. Але як? Згадвае выбары прэзідэнцкія 2015 года і канстатуе: дзякуючы ўдзелу “ўдалося дагрукацца да новых людзей, зацікавіць іх палітыкай і ініцыяваць дыялог унутры краіны”. І між іншым дадае, што “Гавары праўду” “не сварыцца ўнутры апазіцыі ні з кім”.

Відаць, таму ні з кім і не спяшаецца аб’ядноўвацца — каб спакусы пасварыцца не было.

Намеснік старшыні Руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч нечакана заяўляе, што апазіцыя і так “адзіная ў сваім падыходзе да таго, што мусіць быць зроблена падчас любой выбарчай кампаніі”.

Губарэвіч: “У выбарчыя камісіі мусяць трапіць сябры апазіцыйных партый, і такая магчымасць ёсць без змены заканадаўства. Назіральнікі павінныя бачыць падлік галасоў на ўласныя вочы — падлік мусіць весціся публічна і галосна”.

Тады апазіцыя атрымае дэпутацкія мандаты, упэўнены Губарэвіч. Відаць, без усялякага аб’яднання і пры наяўнасці хоць сямі, хоць дзесяці спісаў апазіцыйных кандыдатаў.

“У 2010 годзе ўсе крычалі-крычалі пра аб’яднанне, у выніку пабеглі кожны паасобку і займелі самыя ганебныя выбары ў гісторыі апазіцыі. Тое ж будзе і зараз”, — кажа Уладзімір Някляеў, адзін з удзельнікаў прэзідэнцкага забегу-2010.

Старшыня БСДП “Грамада” Ірына Вештард спрабуе сябе ў ролі “голасу розуму”

“Давайце не будзем папрокі кідаць адно аднаму. Я лічу, што частка выбарчага паслання можа быць агульная для ўсёй апазіцыі, што на нейкіх акругах могуць быць сапраўды адзіныя кандыдаты, мы можам нават падумаць пра тое, ці не зняцца нам у канцы выбарчай кампаніі”.

Вынік выбарчай спрэчкі коратка падводзіць палітвязень Мікола Аўтуховіч, які да гэтага ціха сядзеў па-за межамі “круглага стала”.

“У мяне шмат да вас пытанняў, але наўрад ці я атрымаю на іх адказы. Бо адказаў проста няма. І я проста кажу вам: ці не прасцей сабрацца вам за круглым сталом і сказаць: “Людзі дарагія, прабачце нам: мы за 20 гадоў нічога не змаглі зрабіць, мы пойдзем на пенсію!” Бо смешна ж!”

Праўда, у лідараў апазіцыі на гэта іншы погляд. Яны пойдуць на чарговыя выбары. І ў чарговы раз паасобку. 

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі