Avias “Колеры”

Дэбютны альбом мінскага гурта AviasКолеры” — складанка песень, напісаных за ўсе тры гады існавання, кажуць самі музыкі, але пры гэтым гучанне новага дыска заўважна не падобнае да выдадзенага восенню 2012 года ЕР “Смецце”. Музыка гурта значна палягчэла, стала больш мяккай, так бы мовіць, “фарматнай” і зразумелай. Што, безумоўна, станоўча паўплывала і на агульнае ўспрыняцце матэрыялу.

Першыя пяць нумароў “Колераў” б’юць у яблычак: простыя, але якасныя аранжыроўкі, ціск драйву без перабольшванняў і напружвання, мелодыі, што ўбіваюцца ў галаву, ды абсалютна нетрывіяльныя тэксты, няхай і з дэпрэсіўнай афарбоўкай.

Але трэк “НЛА” нечакана спыняе пераможнае шэсце Avias. Сама песня вельмі папсовая, асабліва на фоне папярэдніх кампазіцый. Яна разрывае, падавалася, ужо замацаванае ўражанне ад гурта. Трэк больш пасуе гурту Open Space ці, калі такое магчыма, адроджанаму і раптоўна беларускамоўнаму “Нео”.

Наступная нумарная песня “Абяцанне” акурат вяртае да гучання “старога” Avias і працягвае ламаць яшчэ нядаўняе пазітыўнае ўспрыняцце. Астатнія чатыры кампазіцыі “Колераў” так і не аднаўляюць першапачатковага захаплення ды павагі. Вінаватая ў гэтым расстаноўка песень ці сапраўды другая палова альбома моцна прайграе першай, складана сказаць. Але ў выніку застаецца адчуванне нейкай няскончанасці, недапрацаванасці і нават крыўды, што спадзяванні так нечакана не спраўдзіліся.

Тым не менш, рост музыкаў адбываецца ў патрэбным кірунку. Можа, гэта і не самы камерцыйна паспяховы варыянт для нашай краіны, але ён сапраўды качае і ні на хвіліну не падаецца штучным.

Скачаць альбом можна тут

  • Трэк-ліст:
  • 01. Навіны
  • 02. Колы агляду
  • 03. Падман зроку
  • 04. Межы
  • 05. Людзі
  • 06. НЛА
  • 07. Абяцанне
  • 08. Хворыя Марамі
  • 09. Маўклівы горад
  • 10. Надпісы
  • 11. Будурады
  •  
  • Удзел у запісе:
  • Раман Сухоцкі (голас, гітары)
  • Зміцер Ярмола (гітары)
  • Сяргей Налівайка (бас)
  • Vicky Fatez (ударныя)
  •  
  • Запіс: Алег Даманчук, студыя MapleTree
  • Звядзенне і мастарынг: Антон Матвееў

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі