Бацькі анкахворых дзяцей заступіліся за лекараў РНПЦ дзіцячай анкалогіі

РНПЦ дзіцячай анкалогіі / bezopasno.by
РНПЦ дзіцячай анкалогіі / bezopasno.by

Захаваць калектыў РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі патрабуюць аўтары звароту да міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча. Бацькі анкахворых дзяцей цяпер збіраюць подпісы пад гэтым лістом.

"Мы, ніжэйпадпісаныя, бацькі дзяцей з анкалагічнымі захворваннямі, шакаваныя і абураныя звальненнем і пераследам нашых лекараў па прычынах, не звязаных з іх прафесійнай дзейнасцю", — гаворыцца ў звароце.

Міністр раскідваецца "высокакваліфікаваным медыцынскім персаналам, як непатрэбным смеццем, у той час як менавіта ў вашых сілах аказаць ім калегіяльную, адміністрацыйную і чалавечую падтрымку", лічаць аўтары ліста.

Бацькоў таксама абурыла звальненне дырэктара цэнтра Наталлі Канаплі, якая з'яўляецца высокакваліфікаваным анколагам з сусветным імем.

"Дзмітрый Леанідавіч, скажыце, як дайшло да таго, што людзі, якія змагаюцца за выжыванне дзяцей, за іх доўгае, паўнавартаснае жыццё, аказваюцца прыніжанымі, выкінутымі на вуліцу пасля доўгіх гадоў бязгрэшнай службы, кінутымі ў турмы, дзе яны заражаюцца каранавірусам? Дзеля чаго?" — звяртаюцца бацькі да міністра.

Адна з мам дзіцяці, якое лечыцца ў анкацэнтры ад вострага лейкозу ўжо другі год, Ксенія Ломыш, падпісала гэты зварот у тым ліку і таму, што яны з сынам засталіся без лекара. Доктар, якая іх вяла, Ірына Шарафановіч, была вымушаная звольніцца.

"Першакласны спецыяліст. Наша бальніца страціла яшчэ аднаго гематолага, калі іх і так не хапае!.. Які сэнс будзе ў гэтай бальніцы, калі прыбяруць усіх лекараў?!" расказала жанчына парталу Naviny.by.

Гематолагу-анколагу Ірыне Шарафановіч не проста далося рашэнне аб звальненні. Яна была адным з падпісантаў ліста супраць затрымання і звальнення лекараў. Паперу тады падпісалі каля 200 медыкаў цэнтра. Затым, кажа доктарка, здарыліся смерць Рамана Бандарэнкі і вымушаны сыход дырэктара Цэнтра Наталлі Канаплі. Тады і яна вырашыла сысці.

Новы дырэктар цэнтра Анжаліка Сонцава заявіла парталу, што ціску на лекараў няма, цэнтр працуе ў штатным рэжыме, "на сённяшні дзень няма ніводнага звальнення".

Супрацоўнікі РНПЦ неаднаразова ўдзельнічалі ў пратэстных акцыях. Іх затрымлівалі. Не змагла працаваць у гэтых умовах і звольнілася загадчыца анкалагічнага (гематалагічнага) аддзялення №3 Надзея Пятроўская.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі