Баевікі "Ісламскай дзяржавы" выклалі ў інтэрнэт запіс масавага забойства
На відэа джыхадысты, звязаныя з групоўкай "Ісламская дзяржава", забіваюць больш за 20 коптаў-хрысціянаў.
Лівійскія джыхадысты з групоўкі "Ісламская дзяржава" размясцілі ў інтэрнэце відэазапіс забойства 21 егіпецкага хрысціяніна-копта. На відэа баевікі ў чорным вядуць да берага сваіх палонных, апранутых у аранжавыя робы. Потым палонных прымушаюць стаць на калені і адразаюць ім галовы.
Як паведамляе ВВС, перад забойствам адзін з баевікоў, які стаіць з нажом у руцэ, прамаўляе: "Вы можаце толькі памарыць аб бяспецы вашых крыжакоў".
Раней стала вядома, што група ўзброеных людзей выкрала ў Лівіі 21 рыбака рыбалоўнага сіндыката. Усе яны былі егіпецкімі хрысціянамі-коптамі.
Прэзідэнт Егіпта правёў тэрміновую нараду кіраўнікоў сілавых структур і паабяцаў адпомсціць за сваіх грамадзян. Мусульманскія аўтарытэты ў Каіры назвалі забойства "варварскім актам, несумяшчальным ні з якімі рэлігіямі", піша nn.by.
"Ісламская дзяржава" дзейнічае ў Іраку, Сірыі, Лівіі, Егіпце і Нігерыі. У першых трох з гэтых краін ёй удалося захапіць значныя тэрыторыі.