Банк развіцця крэдытуе тры цукровыя заводы з чатырох на 120 млн рублёў
Цукровыя заводы ў Беларусі / sb.by
Крэдыт у 120 мільёнаў рублёў выдадзены тром беларускім цукровым заводам: гарадзейскаму, жлобінскаму і скідзельскаму, паведамляе телеграм-канал "Эканоміка". Дзеля гэтага ўраду давялося павялічыць ліміт дырэктыўнага крэдытавання — цяпер ён складае 1 млрд 60 млн рублёў.
Адзіны завод, якому не дасталося дзяржпадтрымкі, — Слуцкі цукрова-рафінадны камбінат. Таму што ў яго і так найбольш стабільная фінансавая сітуацыя.
Сёлета гэта не першая спроба падтрымаць цукровыя вытворчасці з боку дзяржавы. Нядаўна для іх была ўведзеная ільготная цана на прыродны газ для перапрацоўкі сыравіны. Беларусь купляе газ у "дачкі" "Газпрама" па 147 долараў за 1000 кубаметраў і перапрадае яго цукровым заводам па $150.
У пачатку студзеня чатырох дырэктараў цукровых заводаў затрымаў Камітэт дзяржаўнай бяспекі. У КДБ распачалі некалькі крымінальных спраў за атрыманне і дачу хабару. Па версіі ведамства, за некалькі гадоў карупцыянеры скралі мільёны долараў. Усяго па "цукровай справе" пад вартай можа знаходзіцца, па розных крыніцах, ад 7 да 11 чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.