Банкі спыняюць адток рублёў, павышаючы працэнты па дэпазітах
Самы “хуткі” ўклад сёння — на 15 дзён. Самы прыбытковы — пад 45%.
Працэнты па дэпазітах рэзка пайшлі ўгару. 26 ліпеня максімальная стаўка па ўкладах у беларускіх рублях — 45% гадавых. І не факт, што ў бліжэйшыя дні яна не ўзнімецца яшчэ!
А ўсяго месяц таму не кожны банк даваў за беларускія рублі нават 30% гадавых. Што адбываецца?
За чэрвень банкаўскія ўклады скараціліся на 1,3 трыльёна рублёў. Незалежны аналітык Сяргей Чалы тлумачыць Еўрарадыё, што вось гэтых рублёў некаторым банкам не хапае настолькі, што на міжбанкаўскім рынку яны гатовыя плаціць за іх нават 60% гадавых!
“Асноўны крызіс адчуваюць банкі, якія моцна залежаць ад дэпазітаў. А гэта, як правіла, сярэднія банкі, завязаныя на рознічнае крэдытаванне. Даводзіцца ім падымаць стаўкі, каб людзі хаця б месяцы на два ім прынеслі грошы, пакуль у іх праблемы”.
Аналітык упэўнены, што менавіта зараз на росце ставак можна “згуляць”. Маўляў, калі дэвальвацыя і адбудзецца, дык не самым бліжэйшым часам. Таму вялікі рублёвы ўклад можна будзе паспець забраць да катастрофы.
Ёсць і варыянт амаль без рызыкі: уклад на 15 дзён. Што праўда, яго можна зрабіць не пад 45%, а толькі пад 30% гадавых. Мінімальная сума — усяго 100 тысяч рублёў. Умовы вельмі дэмакратычныя, таму Еўрарадыё скарысталася гэтай магчымасцю і занесла кроўныя 100 тысяч у “Беларусбанк”.
Праз 15 дзён іх можна забраць з працэнтамі. “Гарантаваны даход” (менавіта так называецца ўклад) — страшна сказаць! — 1 тысяча 230 рублёў. Калі пакінуць грошы ў банку, уклад аўтаматычна падоўжыцца на наступны тэрмін.
Шукаем, дзе можна “прыпаркаваць” грошы пад большы працэнт. 44% пачынаюцца ад уклада ў 500 тысяч рублёў, 45% — ад 1 мільёна.
“Зараз максімальная стаўка — 45% гадавых. Гэта першы месяц. Другі — 44,5%, трэці — 44%. Першыя тры месяцы стаўка фіксаваная. Ён афармляецца на паўтара года, то бок можна будзе карыстацца і далей. А скасаваць дамову можна нават пасля першага месяца”, — рэкламуюць свой дэпазіт у адным з банкаў.
Такім чынам, за 3 месяцы адсоткі складуць крыху больш за 10% ад сумы ўкладу. Занёс 1 мільён — вярнуў 1 мільён 100 тысяч.
Вядома, за гэты час Нацбанк можа паспець дэвальваваць рубель. Нават плаўна. І калі дэвальвацыя складзе больш за 10%, укладальнік прайграе нават пры такіх — вельмі выгадных умовах ад банка.