Баранаў: Кліп на песню для Еўрабачання здымем за тыдзень

Пасля гасцявога выступу на адборачным туры ў Румыніі 9 сакавіка беларуская ўдзельніца Еўрабачання вылецела ў Стамбул на здымкі відэакліпа для сваёй песні. Па словах прадзюсара спявачкі Дзмітрыя Баранава, справіцца з працай яны плануюць цягам тыдня.

Дзмітрый Баранаў: “Зараз мы знаходзімся ў Стамбуле на здымках відэакліпа на нашу ўжо пастаянную песню, з якой мы паедзем на Еўрабачанне. Песня называецца "Solayoh". Кліп мы здамо своечасова — на сустрэчу кіраўнікоў дэлегацый у Мальмё мы прыедзем з відэакліпам”.

Як паведамляла Еўрарадыё, сустрэча кіраўнікоў дэлегацый краін-удзельніц Еўрабачання пройдзе ў Мальмё з 16 па 18 сакавіка. Дарэчы, на 16 сакавіка ў Ланской запланаваны выступ на фінале нацыянальнага адбору ў Кішынёве. Па словах Баранава, гэты выступ для іх вельмі важны, бо прадстаўнік Малдовы знаходзіцца ў адной падгрупе і адным паўфінале з прадстаўніцай Беларусі.

Замяніць песню беларускага кампазітара Леаніда Шырына "Rhythm of Love" на твор яго бельгійскага калегі Марка Пэлінка "Solayoh" было вырашана 6 сакавіка на сумеснай нарадзе прадстаўнікоў Белдзяржтэлерадыёкампаніі і прадзюсарскага цэнтра “Спамаш”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі