Барэль: беларускі народ плаціць вельмі высокую цану за імкненне да свабоды
"Цана, якую беларускі народ плаціць за сваё законнае імкненне да свабоды, вельмі высокая", — заявіў вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль. Як паведамляе БелаПАН, 22 сакавіка ён выступіў на другім Форуме Кастуся Каліноўскага ў Вільні, які ладзіць літоўскі сейм.
У сваім выступе Барэль адзначыў, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі для ўтрымання ўлады выкарыстоўвае ўсе сродкі, ігнаруе вяршэнства закона, правы чалавека і жыцці людзей. ЕС не можа за гэтым спакойна назіраць, бо Беларусь з'яўляецца непасрэдным суседам Еўрасаюза, а "беларусы — нашымі субратамі-еўрапейцамі".
Прадстаўнік ЕС нагадаў, што ўжо дзейнічаюць еўрапейскія санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў, адказных за фальшаванне выбараў і парушэнне правоў чалавека. Па яго словах, калі не будзе паляпшэнняў і дэмакратычных пераўтварэнняў, Еўрасаюз гатовы ўвесці дадатковыя снакцыі. "Мы цалкам перагледзелі свае адносіны з Беларуссю, скарацілі палітычныя кантакты і спынілі ўсякую прамую фінансавую падтрымку цэнтральных уладаў. Мы працягваем лічыць, што сапраўдны, ўсёабдымны нацыянальны дыялог — адзіны шлях наперад для забеспячэння мірнага ўрэгулявання цяперашняга крызісу. І мы гатовыя падтрымаць гэты працэс", — выказаўся ён у падтрымку ініцыятывы Святланы Ціханоўскай.
Барэль дадаў, што барацьба за дэмакратыю можа быць доўгай і складанай. "І мы павінны падтрымаць усіх, хто зараз сутыкаецца з гэтай барацьбой. Народ Беларусі патрабуе пераменаў, ён гэтага заслугоўвае, мы яго падтрымаем", — паабяцаў ён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.