"Барысаўдрэў": Не сейце паніку. Выкід быў, і што цяпер?
Зранку 11 лютага жыхары дамоў па вуліцы 30 гадоў УЛКСМ у Барысаве пабачылі, што ў горадзе выпаў руды снег. Аднак пазней выявілася, што гэта не снег, а штосьці падобнае да драўнянага пылу ўперамешку з брудным пухам.
Мясцовыя жыхары вырашылі, што да выкіду мае дачыненне "Барысаўдрэў", піша ex-press.by. Па іх словах, драўняным пытам пакрытае было абсалютна ўсё: зямля, парог, бялізна, што сушылася на вяроўках.
У Барысаўскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя журналістам заявілі, што ведаюць пра сітуацыю і прымаюць меры.
А эколаг ААТ "Барысаўдрэў" Таццяна Панкова распавяла па тэлефоне, што "ніякіх пазаштатных сітуацый на прадпрыемстве не было".
"Не сейце паніку. Мы прадпрыемства, якое нядаўна мадэрнізаванае, займаемся апрацоўкай драўніны. У працэсе перапрацоўкі драўніна здрабняецца. Пры ўзнікненні аварыйнай сітуацыі прадугледжаныя адмысловыя дзеянні для іх вырашэння. Калі які-небудзь выкід і адбыўся, то ўсё гэта ў рамках закона. Мы ведаем пра сваю адказнасць і гатовыя панесці за яе заслужанае пакаранне. На гэтыя выкіды могуць уплываць як ўмовы надвор'я, так і розныя іншыя фактары. Таму — так, выкід быў. І што цяпер? Гэта драўняны пыл. Мы, можа, нават такім чынам ўгноілі зямлю. Вядома, эстэтычна ёсць негатыў, але ўсё прыбярэцца і змыецца. Таму людзі няхай спяць спакойна. У нас у горадзе хапае больш "брудных" прадпрыемстваў", — заявіла эколаг прадпрыемства.
Паводле звестак Белстата, у Барысаве выкід забруджвальных рэчываў складае ў сярэднім 13 кг на чалавека. Для параўнання, у Мінску гэты паказчык складае 9 кг на чалавека.