Баскетбалістку зборнай Беларусі судом высяляюць з кватэры, якую яна зарабіла

Баскетбалістку зборнай Беларусі судом высяляюць з кватэры, якую яна зарабіла

У адным з раённых судоў Гродна разглядаюцца два сустрэчныя пазовы наконт адной кватэры, піша tut.by. Гродзенскі баскетбольны клуб "Прынямонне" (каманда "Алімпія") спрабуе выселіць свайго былога гульца Марыю Філончык. А сама дзяўчына патрабуе перадаць ёй кватэру ва ўласнасць у адпаведнасцю з кантрактам, які яна выканала. 

Філончык распавяла, што на пачатку 2013 года заключыла кантракт з клубам на тры гады. Дзяўчыне плацілі заробак, эквівалентны 2000 доларам у месяц. На працягу дзеяння кантракта Філончык была капітанам каманды "Алімпія", не раз прызнавалася наймацнейшым гульцом клуба.

У жніўні таго ж года клуб прапанаваў Філончык, каб яе заробак знізіўся да 1000 долараў, а астатняе пайшло у кошт аплаты кватэры. Прычым пасля заканчэння кантракту кватэру абяцалі аформіць ва ўласнасць баскетбалісткі. 

Дзяўчына кажа, што ў кватэры былі толькі сцены, а з сантэхнікі — адзін унітаз. "Каб можна было ў гэтую кватэру пераехаць, я ўклала буйную суму ў аздабленне, рамонт і абсталяванне", — распавядае Філончык.

Але пасля заканчэння кантракта клуб не перадаў кватэру баскетбалістцы. Наадварот, падаў у суд на яе высяленне. Паводле тлумачэння клуба, за тры гады памяняліся законы, таму кватэру аддаваць ва ўласнасць Філончык нельга: "Тлумачаць: законы за тры гады змяніліся, клуб дзяржаўны, кватэра таксама дзяржаўная, зараз мы не можам табе яе аддаць. Атрымліваецца, мяне падманулі". 

Цяпер баскетбалістка хоча, каб ёй перадалі ва ўласнасць кватэру, якую яна зарабіла, або далі грошы — кампенсацыю, прапісаную ў кантракце, плюс выдаткаваныя на рамонт кватэры.

Юрыст клуба "Прынямонне" кажа, што Філончык прапаноўвалі кампенсацыю. Суму не называюць, але кажуць, што яна была супастаўная з лічбамі, названымі ў кантракце. 

Але дзяўчыну гэта не задаволіла. Па яе словах, клуб прапаноўваў выплочваць ёй грошы ў растэрміноўку — на працягу двух гадоў. "Гэта значыць спачатку яны тры гады вадзілі мяне за нос, а цяпер яшчэ два гады будуць мне выплачваць нейкія сумы? Я проста ім ужо не паверыла", — абураецца Філончык.

У судзе уўжо адбыліся тры падрыхтоўчыя пасяджэнні. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі