БАЖ — пра затрыманне блогераў і аўтараў тэлеграм-каналаў
Беларуская асацыяцыя журналістаў выступіла з заявай наконт затрыманых апошнім часам вядомых палітычных блогераў і аўтараў тэлеграм-каналаў. Гаворка ідзе пра Аляксандра Кабанава, Сяргея Пятрухіна, Аляксандра Андрэева, Уладзіміра Няронскага, Уладзіміра Цыгановіча, Ігара Лосіка, Сяргея Спарыша. Яшчэ ніколі ў гісторыі Беларусі столькі блогераў адначасова не кідалі за краты.
"Затрыманні блогераў, якім інкрымінуюць арганізацыю групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (частка 1 артыкула 342 КК), адбыліся на фоне палітычных падзеяў і звязаны з палітычнай грамадскай дыскусіяй, — чытаем у заяве. — Згодна з міжнароднымі стандартамі свабоды выказвання, менавіта свабода палітычнай дыскусіі мусіць быць найбольш абароненая".
БАЖ выказвае абурэнне з нагоды гэтых затрыманняў і заклікае ўлады Беларусі "прытрымлівацца міжнародных стандартаў і абавязальніцтваў у галіне свабоды выказвання".
З 29 траўня за кратамі знаходзіцца яшчэ адзін блогер — Сяргей Ціханоўскі. Ён прызнаны палітвязнем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.