БДУ не працягнуў кантракт з даследчыкам сталінскіх рэпрэсій Ігарам Кузняцовым
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт адмовіўся працягваць кантракт з кандыдатам гістарычных навук Ігарам Кузняцовым, піша "Наша Ніва". Тэрмін цяперашняга кантракта заканчваецца ў кастрычніку.
Кузняцоў выкладаў у БДУ 23 гады, працаваў на факультэце міжнародных адносінаў.
Сваю кандыдацкую ён абараніў па сталінскіх рэпрэсіях і працягваў займацца гэтай тэмай. Часта і актыўна выступаў у СМІ. За паслядоўную антысталінісцкую пазіцыю яго ў дзяржаўных СМІ называлі "ілжэгісторыкам".
Сам даследчык казаў, што сярод выкладчыкаў БДУ ён быў у першай дзясятцы па цытаванасці ў сэрвісе Google Scholar Citations (гэта адзін з крытэрыяў, па якім ацэньваецца ўзровень рэйтынгу выкладчыкаў). Па іншым крытэрыі — рэйтынгу дадатковага стымулявання работнікаў БДУ — летась ён быў на 58-м месцы.
Ігар Кузняцоў звярнуўся да рэктара БДУ з просьбой патлумачыць, чаму з ім адмаўляюцца працягваць кантракт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.