Беларусь прызналі адной з самых гамафобных краін Еўропы

Беларусь прызналі адной з самых некамфортных краін для жыцця геяў, лесбіянак, бісэксуалаў і транссэксуалаў. Чарговы штогадовы рэйтынг апублікавала вядучая еўрапейская праваабарончая ЛГБТ-арганізацыя ILGA-Europe. У ім наша краіна займае 42-е месца сярод 49 краін.

Рэйтынг складаецца з 48 крытэрыяў, сярод якіх прававая абарона ад дыскрымінацыі, меры па барацьбе са злачынствамі на глебе нянавісці, прызнанне правоў трансгендерных і інтэрсэксуальных людзей, раўнапраўе ў сямейным заканадаўстве, уключаючы аднаполыя шлюбы і бацькоўскія правы пар геяў і лесбіянак.

Месцам з самым развітым заканадаўствам для ЛГБТ у Еўропе прызнаная Вялікабрытанія. Яе індэкс роўны 86%. А Шатландыя, як адна з частак каралеўства мае яшчэ вышэйшы індэкс — 92%. За ёй месцяцца Бельгія — 83%, Мальта — 77%, Швецыя — 72%, Харватыя — 71%, Іспанія — 69%.

У Беларусі індэкс — 14%. Паводле даклада арганізацыі, у нашай краіне адсутнічае антыдыскрымінацыйнае заканадаўства, маюць месца злачынствы на глебе нянавісці, у СМІ прысутнічае мова нянавісці да прадстаўнікоў ЛГБТ.

Сярод нашых суседзяў найбольш камфортнымі для жыцця ЛГБТ з’яўляюцца Польшча, якая займае 33-е месца, Літва (35), Латвія (37). Горш, чым у Беларусі сітуацыя з правамі ЛГБТ ва Украіне (46) і Расіі (48). Найгоршае месца для ЛГБТ у Еўропе — Азербайджан. Яго індэкс — 5%.

Фота: Reuters​, ilga-europe.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі