Беларусь і Расія дамовіліся адмяніць роўмінг
Уваходны званок афіцыйна будзе каштаваць 0 рублёў / pixabay.com
Прэм'ер-міністры Расіі і Беларусі Міхаіл Мішусцін і Раман Галоўчанка дасягнулі дамоўленасці аб адмене роўмінгу на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы.
На сустрэчы бакі таксама дамовіліся распрацаваць новыя і актуалізаваць дзеючыя пагадненні ў галіне сувязі і інфарматызацыі, уніфікаваць заканадаўства ў галіне паштовай сувязі, пабудаваць інфраструктуру сетак сувязі, гаворыцца ў сумеснай заяве кіраўнікоў урадаў.
Раней пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка заяўляў, што адмена роўмінгу адбудзецца 1 студзеня 2022 года. Уваходны званок афіцыйна будзе каштаваць 0 рублёў.
Адмена роўмінгу ўваходзіць у лік 28 саюзных праграм, падпісаных кіраўнікамі ўрадаў. Яны накіраваныя на рэалізацыю задач па ўмацаванні расійска-беларускай інтэграцыі.
Учора ў Маскве Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка аб'явілі, што ўзгаднілі ўсе 28 саюзных праграм. Дамовіліся аб стварэнні адзіных рынкаў газу, нафты і электраэнергіі, аб роўным доступе да дзяржзамоваў і дзяржзакупак і аб тым, што Цэнтрабанк Расіі і Нацбанк Беларусі "павінны гарманізаваць грашова-крэдытную палітыку, дамагчыся інтэграцыі плацежных сістэм".
Праграмы плануюць прыняць на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета, прызначанага на 4 лістапада.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.