Беларусь наведае спецдакладчык ААН па гандлі дзецьмі
Паводле звестак арганізацыі, у свеце на сёння ахвярамі сэксуальнай эксплуатацыі з’яўляюцца каля 10 мільёнаў дзяцей.
Спецыяльны дакладчык ААН у пытанні гандлю дзецьмі, дзіцячай прастытуцыі і дзіцячай парнаграфіі Мод дэ Бур-Букуікіа рэкамендавала дзяржавам прыняць законы, якія забараняюць усе формы гандлю і сэксуальнай эксплуатацыі дзяцей, а таксама ўводзіць крымінальную адказнасць за доступ да дзіцячай парнаграфіі. Пра гэта паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Цэнтр навінаў ААН.
Спецдакладчык паведаміла, што ў бліжэйшы час наведае з візітам Арменію, Грузію і Беларусь.
Як заявіла Мод дэ Бур-Букуікіа на сесіі Савета ААН па правах чалавека, інтэрнэт павялічвае пагрозы, звязаныя з сэксуальнай эксплуатацыяй дзяцей. Так, у Еўропе 70% дзяцей і падлеткаў карыстаюцца глабальным сецівам і для іх існуе рызыка трапіць у рукі злачынцаў. На сёння ахвярамі сэксуальнай эксплуатацыі з’яўляюцца каля 10 мільёнаў дзяцей.
Таксама інтэрнэт прывёў да пашырэння маштабаў гандлю дзецьмі з мэтай незаконнага усынаўлення і такая дзейнасць прыносіць велізарныя прыбыткі.
Таму спецдакладчык ААН заклікала міжнародную супольнасць стварыць глабальную прававую аснову, якая забяспечвае перадухіленне гандлю дзецьмі і іх сэксуальнай эксплуатацыі.
Фота: sites.google.com