Беларусь не прызнае запазычанасць перад Расіяй за пастаўлены газ
Беларусь не прызнае, што яна мае запазычанасць перад Расійскай Федэрацыяй за пастаўлены прыродны газ. Пра гэта журналістам 12 траўня заявіў кіраўнік Міністэрства энергетыкі Уладзімір Патупчык. Заява прагучала ў Магілёве перад пачаткам пасяджэння Савета міністраў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.
"Беларусь плаціць у адпаведнасці з міжурадавай дамовай. Вось у судзе будзем і разбірацца з гэтым пытаннем", — перадае interfax.by словы Патупчыка.
Па словах міністра, расійскі і беларускі бакі па-рознаму трактуюць міжурадавую дамову наконт газу. Расійскі бок лічыць, што ёсць кошт "Ямала", а беларускі настойвае, што з 1 студзеня павінны дзейнічаць рынкавыя роўнадаходныя кошты.
У сваю чаргу кіраўнік расійскага Мінэнерга Аляксандр Новак заявіў журналістам, што Беларусь мае запазычанасць перад "Газпрамам" за чатыры месяцы — 125 млн долараў. Па словах расійскага чыноўніка, гэтая недаплата працягвае расці.