Беларусь не пусціла з Расіі 2000 скрынак з эквадорскімі бананамі

Беларусь не пусціла з Расіі 2000 скрынак з эквадорскімі бананамі

На працягу сутак беларускія мытнікі не прапусцілі з Расіі ў Беларусь больш за 100 тон прадукцыі, якую везлі без сертыфікатаў, паведамляе прэс-служба Мытнага камітэта.

Так, каля беларуска-расійскай мяжы віцебскія мытнікі спынілі дзве фуры — "Рэно" і "Вольва", у якіх везлі 2000 скрынак з эквадорскімі бананамі. Паводле дакументаў, садавіну везлі з Санкт-Пецярбурга ў Мінск. Аднак у кіроўцаў не было фітасанітарных сертыфікатаў, якія пацвярджаюць паходжанне тавару і яго бяспеку для спажыўца.

Між тым Рассельгаснагляд разглядае магчымасць абмежаванняў на ўвоз расліннай прадукцыі з Эквадора. У пбананах з гэтай краіны неаднаразова выяўлялі шкодніка — муху-гарбатку. Гэты шкоднік — сур'ёзная пагроза фітасанітарнай абстаноўцы краіны.

У гэты ж дзень супрацоўнікі Віцебскай і Гомельскай мытняў выявілі яшчэ шэсць фактаў увозу з Расіі збожжавых і злакавых культур, рыбнай і кандытарскай прадукцыі, а таксама драўніны. Усё гэта везлі без фітасанітарных і ветэрынарных сертыфікатаў. На кандытарскіх вырабах, якія хутка псуюцца, не было даты вытворчасці.

Гэтыя тавары былі вырабленыя на тэрыторыі Расіі, іх везлі для продажу ў Беларусі. 

Прадукцыя будзе вернутая ў Расію. Перавозчым пагражае адміністрацыйны штраф — да 50% ад кошту прадмета правапарушэння.

Дарэчы, звычайна расіяне скардзяцца на тое, што з Беларусі вязуць у іх краінук тавары без сертыфікатаў. Гэтым разам атрымалася ўсё наадварот.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі